У Расеі на нафтаправодзе сябра Пуціна адбыўся магутны выбух
- 10.09.2024, 12:20
Ёсць ахвяры.
У панядзелак, 9 верасня, у Курманаеўскім раёне Арэнбуржскай вобласці РФ падчас рамонтных работ на нафтаправодзе нізкага ціску Гаршына – Растошы адбыўся моцны выбух, паведамляе «Диалог.UA» са спасылкай на расейскія масмедыя.
Паведамляецца, што плошча ўзгарання на нафтаправодзе, які быў экстрана перакрыты, дасягала 150 квадратных метраў. У выніку інцыдэнту тры чалавекі патрапілі ў лякарню з апёкамі розных ступеняў, а пасля з'явіліся звесткі аб тым, што двое з іх загінулі.
Паводле звестак рэгіянальнай управы Следчага камітэта РФ, гэты выбух быў не звязаны з вайсковымі дзеяннямі (нападам беспілотнікаў), а стаў вынікам парушэнняў тэхнікі бяспекі. Паводле факту гібелі 2 чалавек праз пажар на нафтаправодзе Гаршынскага радовішча распачатая крымінальная справа праз «парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі небяспечных вытворчых аб'ектаў», якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы.
Дарэчы, гэты нафтаправод належыць "ННК-Арэнбургнафтагаз" - даччынай структуры Незалежнай нафтагазавай кампаніі Эдуарда Худайнатава.
Гэты расейскі алігарх з 3 чэрвеня 2022 года знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі краін ЕЗ, уведзенымі ў сувязі з поўнамаштабным уварваннем войскаў РФ на тэрыторыю Украіны. Дадамо, у афіцыйных дакументах Еўразвязу Худайнатаў праходзіць як “асоба, блізкая да Ігара Сечына і Уладзіміра Пуціна”. У сваю чаргу, у санкцыйным спісе Канады гэты мільярдэр разглядаецца як "блізкі паплечнік" расейскага правячага рэжыму.