Польшча працягнула дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю
- 11.09.2024, 10:58
На 90 дзён.
10 верасня міністр унутраных спраў Польшчы Томаш Семаняк падпісаў пастанову аб падаўжэнні буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Дакумент набыў моц 11 верасня.
Са слоў міністра, зона паказала свае станоўчыя вынікі, асабліва ў барацьбе з кантрабандыстамі, якія перапраўляюць людзей праз мяжу. З пачатку дзеяння зоны 13 чэрвеня да 9 верасня Памежная служба зарэгістравала 6130 спроб незаконнага перасячэння мяжы, што на 64% менш, чым да яе ўвядзення.
Буферная зона, уведзеная першапачаткова на 90 дзён, ахоплівае ўчастак мяжы працягласцю 60,67 км і ўключае зоны ў Нараўцы, Белавежы, Дубічы-Царкоўнэ і Чараэмхэ. Уздоўж 44 км мяжы зона паглыбляецца на 200 м, а ў запаведніках - на 2 км.
Гэтыя меры накіраваны на абарону супрацоўнікаў і прадухіленне дзейнасці кантрабандыстаў. Праблема міграцыйнага крызісу і нападу з боку нелегальных мігрантаў застаецца актуальнай з вясны 2021 года.