Беларусь і Ватыкан разам выпусцяць марку да юбілею гарадзенскай святыні
- 11.09.2024, 11:15
Ватыканскую версію маркі друкавалі ў Францыі.
Новую супольную паштовую марку Беларусі і Ватыкана выпусцяць у абарачэнне 16 верасня. На ёй выяўлены цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), які захоўваецца ў гарадзенскім Фарным касцёле. Выпуск маркі прымеркаваны да 360-годдзя абраза, піша hrodna.life.
Тыраж маркі ў Беларусі — 42 000 экзэмпляраў.
У Беларусі марку друкавалі ў Бабруйскай узбуйненай друкарні - яна выйшла тыражом 42 тысячы. Гэта поўнакаляровая марка з наміналам, роўным тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі масай да 20 г прыярытэтнай, паведаміў інфармацыйны лісток Белпошты.
Спецыяльнае гашэнне на канверце "Першы дзень" будзе праводзіцца 16 верасня ў гарадзенскім Доме сувязі (паштовае аддзяленне № 25).
Ватыканскую версію маркі друкавалі ў Францыі
Для Ватыкана гэтую марку наміналам 1,30 еўра надрукавалі ў французскай друкарні Cantor тыражом у 99 тысяч экзэмпляраў. Спецыяльнае гашэнне спецштэмпелем з адпаведным дызайнам і надпісам будзе праводзіцца 16 і 17 верасня ў ватыканскім паштовым аддзяленні Arco delle Campane.
У гэтым годзе абразу ў гарадзенскім касцёле — 360 гадоў.
Абраз з кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя ў Гародні з'яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базілікі Санта Марыя Маджорэ. Яе перадалі ў драўляны езуіцкі касцёл Пятра і Паўла ў Гародні 360 гадоў таму - у 1664 годзе. Сёння ікона лічыцца галоўнай святыняй гарадзенскіх каталікоў. Выпуск маркі прымеркаваны да 360-годдзя абраза.
У гэтым годзе да юбілею святыні ў Фарным касцёле пасля двух гадоў рамонту адкрылі абноўлены арган.