ЕЗ змяніў правілы ўвозу жывёл з Беларусі
- 11.09.2024, 11:45
Змяненні ўвойдуць у дзеянне з 16 верасня.
Беларусь і Расею выключылі са спісу краін, вызваленых ад абавязку праходзіць тэст на тытр антыцелаў да віруса шаленства, нагадвае Dzik Pic.
Гэта змяненне прадугледжвае трохмесячны перыяд чакання для сабак, катоў і тхароў перад уездам на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу, які адлічваецца з дня забору крыві для даследавання.
Калі гадаванец едзе ў Еўразвяз
Галоўны дзяржаўны ветэрынар Дэпартамента памежнага кантролю Літвы Аліцыя Заранковіч раней папярэджвала, што з верасня гэтага года:
— для ўвозу ў Еўразвяз сабак, катоў ці тхароў з Беларусі трэба праводзіць тэст на антыцелы да шаленства;
- Узор тэсту на антыцелы да шаленства трэба ўзяць як мінімум праз 30 дзён пасля вакцынацыі супраць шаленства і як мінімум за 3 месяцы да выдачы ветэрынарнага сертыфікату і ўезду ў ЕЗ;
- Тэст павінен праводзіцца ў зацверджанай лабараторыі.
Гадаванцы таксама абавязаны мець ветэрынарны сертыфікат узору ЕЗ, выдадзены дзяржаўным ветэрынарам трэцяй краіны. А яшчэ - падскурны мікрачып або тату (зробленую да 3 ліпеня 2011 года).
А што, калі гадаванец вяртаецца з ЕЗ у Беларусь?
У такой жывёлы павінен быць пашпарт свойскай жывёлы для ўвозу ў ЕЗ; падскурны мікрачып ці тату; прышчэпка ад шаленства.
Таксама з 16 верасня павінна быць прадстаўленая інфармацыя, што жывёлу сералагічна праверылі на антыцелы да шаленства перад выездам з ЕЗ.