BE RU EN

«Ад медыкаў ніякай дапамогі!»

  • 11.09.2024, 12:46

Беларус расказаў праўду пра «сацыяльна арыентаваную» дзяржаву.

У маю сям'ю пастукалася бяда, піша чытач сайта Charter97.org Ігар:

Да мяне ў сям’ю пагрукала бяда. Я жыву з бацькам у Менску. Але раптоўна майго тату падкасіў інсульт, ён цалкам паралізаваны. З гэтай нагоды яму далі першую групу інваліднасці, а я аформіў дапамогу з прычыны догляду, праз гэта быў вымушаны звольніцца з працы.

Дык вось, мая дапамога складае 430 рублёў! Балазе бацьку плацяць пенсію — няпоўныя 800 рублёў. Але гэтых грошай нам катастрафічна не стае. Бо патрэбныя памперсы, дзіцячае харчаванне і дарагія медыкаменты, а таксама розныя замежныя крэмы, каб хоць неяк засцерагаць скуру ад пролежняў.

Крама, у якую я хаджу, гэта Хіт. Так, ведама, якасць і выбар прадуктаў там вельмі абмежаваныя, але тыя грошы, якія ў мяне застаюцца, лепшай крамы і не патрабуюць. Бо калі ў мяне спытаюць, калі я апошні раз купляў вінаград або апельсіны, то я адкажу так: у той бок нават не гляджу, бо не памятаю, калі апошні раз дазваляў сабе такую раскошу.

Выратоўвае лецішча — сёлета там урод яблыкаў, бадай што адзінай даступнай нам з бацькам садавіны. Дык і туды паехаць я не дужа маю магчымасць, бо гэта значыць, што бацьку трэба пакінуць на цэлы дзень аднаго.

Ад медыцыны ніякай дапамогі няма. Для іх гэта ўжо адпрацаваны матэрыял. І я таксама цудоўна разумею, у які бок рухаецца справа, але ж так балюча глядзець, як пакутуе родны табе чалавек. А разам з ім і я, бо не памятаю, калі ўжо за апошні год спаў цэлую ноч.

Дзяржава ў такіх выпадках пакідае чалавека сам насам з праблемай, даючы мізэрную дапамогу, забяспечыць годную старасць з якой проста нерэальна.

Апошнія навіны