BE RU EN

Маці беларускага школьніка: Гэта абсурд!

  • 11.09.2024, 13:09

У што ператварылася некалі прэстыжная менская гімназія.

Чытачка сайта Charter97.org з Менска расказала, як зараз выглядае навучанне ў гімназіі, у якую ходзіць ейны сын:

- Не паспеў пачацца навучальны год, як бацькоўская суполка ў Telegram гудзе! Нашая менская гімназія яшчэ да 2020 года лічылася прэстыжнай, патрапіць у яе можна было толькі ахвяраваўшы важкую суму грошай на рахунак установы, або зарэгістраваўшыся на адрасе, што тэрытарыяльна замацаваны за гэтай установа. А што мы маем сёння, мяркуйце самі.Я б назвала гэта адсутнасцю педагагічнага складу.

Як так атрымалася? Ды вельмі проста: спачатку звольнілі ўсіх грамадска-актыўных настаўнікаў, пасля пачалі заціскаць усё мацней і мацней, душачы ідэалогіяй ды ўсялякай дурасцю ацалелых пасля чыстак. І настаўнікі, не чакаючы пакуль да іх прыйдуць з кайданкамі, пачалі адыходзіць.

На сёння ў нашай школе матэматыку вядзе лекарка-псіхолаг (маўляў, псіхолаг мае падыход да дзяцей). Фізіку аддалі інжынеру-праграмісту – ну ён жа пэўна нешта цяміць у фізіцы, не важна, што не мае аніякага разумення як працаваць з дзецьмі. Ангельскую мову вядуць студэнты 4-5 курсаў лінгвістычнага ўніверсітэта (і гэта ў школе з паглыбленым вывучэннем моў).

Але больш за ўсё ў мяне выклікае абурэнне і агіду настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна вядзе гэтыя прадметы па-расейску. Гэтак жа як у большасці нашых школ выкладаюць па-расейску ангельскую.

Дык пра якую якасць адукацыі мы можам весці гаворку? Гэта ж нонсэнс, каб родную мову ў роднай краіне выкладалі на замежнай мове!

Апошнія навіны