Менчукам раяць не адчыняць вокны
- 11.09.2024, 17:39
Праз смог.
Неспрыяльныя метэаўмовы, а менавіта смог, назіраецца ў Менску 11 верасня. Санлекары рэкамендуюць пры магчымасці ўнікаць доўгага знаходжання на паветры, трымаць вокны зачыненымі пры метэаўмовах, неспрыяльных для рассейвання забруджвальных рэчываў, паведамляе Менскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Гэтыя захады, а таксама адмова ад інтэнсіўных заняткаў спортам на свежым паветры, выкарыстанне кандыцыянераў папярэдзяць абвастрэнні сардэчна-сасудзістых, лёгачных і іншых хранічных захворванняў.
Сярод рэкамендацый таксама – больш частая вільготная ўборка, ёмістасці з вадой у пакоях, каб павысіць вільготнасць паветра, ужыванне дастатковай колькасці вады.
Уладальнікаў асабістых аўто просяць пры магчымасці адмовіцца ад кіравання і часова перасесці на грамадскі транспарт. Дачнікаў просяць не спальваць лістоту і смецце.
Адзначым, што на Палессі шалеюць моцныя пажары. У тым ліку – у Чарнобыльскай зоне на мяжы Беларусі і Украіны. Менавіта яны сталі прычынай смогу ў беларускіх гарадах.