Харватыя дапаможа Украіне адбудаваць пашкоджаныя энэргааб'екты
- 11.09.2024, 21:41
Уладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністр Харватыі правялі сустрэчу ў Кіеве.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністр Харватыі Андрэй Плянковіч падчас сустрэчы ў Кіеве абмеркавалі гуманітарнае размінаванне і аднаўленне энэргетычнай інфраструктуры. Пра гэта паведамляе ОП Украіны ў сераду, 11 верасня.
Лідары абмеркавалі гуманітарнае размінаванне забруджаных тэрыторый. Кіраўнік дзяржавы адзначыў лідарскую ролю Харватыі ў гэтым працэсе і падзякаваў за ініцыятыву ў правядзенні донарскіх канферэнцый у размінаванні.
Асобная ўвага ў час сустрэчы была аддадзеная пасляваеннаму аднаўленню і аднаўленню энэргетычнай інфраструктуры.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кіраўніку ўраду Харватыя за асабісты ўдзел у чацвёртым саміце міжнароднай Крымскай платформы і адкрыцці Мемарыялу ахвяраў генацыду крымскататарскага народа.
Таксама выказаў падзяку за мэтавую дапамогу для аднаўлення ўкраінскай энэргетыкі, сярод іншага новы транш энэргетычнай падтрымкі памерам 5 млн еўраў, і за дапамогу ў лекаванні і рэабілітацыі абаронцаў Украіны і чальцоў іхніх сем'яў.
Асобна Зяленскі адзначыў падтрымку ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі і падзякаваў за абвешчаны падчас візіту 11-ы пакет ваеннай дапамогі.