У Віцебску асудзілі лекара з 30-гадовым стажам
- 12.09.2024, 11:13
Ігар Дзямідчык - спецыяліст у галіне ультрагукавой дыягностыкі.
У Віцебску лекара асудзілі паводле абвінавачання ў распаўсюджванні нацысцкай сімволікі і экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, паведамляе «Віцебская Вясна».
58-гадовы Ігар Дзямідчык - спецыяліст у галіне ультрагукавой дыягностыкі. У яго 33 гады працоўнага стажу і першая кваліфікацыйная катэгорыя. Водгукі ў інтэрнэце аб яго прафесійнай дзейнасці выключна станоўчыя.
Дзямідчыка асудзілі ў судзе Першамайскага раёну Віцебску, аднак ён абскардзіў прысуд. 13 верасня ягоную скаргу будзе разглядаць Віцебскі абласны суд.
Як вядома, для суда «за экстрэмізм» чалавеку дастаткова мець у сацсетках спасылку на інтэрнэт-рэсурс, прызнаны «экстрэмісцкім». А за «распаўсюд нацысцкай сімволікі» сілавікі ўважаюць нават гістарычныя фатаграфіі.
Як адзначаюць праваабаронцы, усе сацсеткі Ігара Дзямідчыка ўжо выдаленыя.