BE RU EN

Палітолаг: Кітай будзе імкнуцца да таго, каб Лукашэнка сышоў

  • 12.09.2024, 20:47

І можа дзеля гэтага паўплываць на Пуціна.

У чэрвені КНР адклала пастаўку ў Беларусь 15 новых грузавых электравозаў БКГ2, якія павінны былі быць пастаўлены яшчэ ў канцы 2023 года. Тады паведамлялася, што новыя тэрміны паставак перанесены на 2025-26 гг. Аднак нядаўна з'явілася інфармацыя, што Кітай увогуле адмовіўся пастаўляць у Беларусь гэтыя цягнікі з-за асцярогі трапляння пад санкцыі ЗША.

Беларускі палітолаг Дзмітрый Балкунец пракаментаваў сайту Charter97.org пастанову кітайскіх уладаў:

- Гэта істотны ўдар па сістэме чыгуначнага транспарту Беларусі, бо другім галоўным пастаўшчыком з'яўляецца Расейская Федэрацыя, якая сама адчувае пэўныя складанасці з вытворчасцю рухомага складу. Вядома, трэба рэгулярна абнаўляць парк цягнікоў, а ўлічваючы, што для Беларусі зараз зачыніўся варыянт выкарыстоўваць кітайскія электравозы, то ўзнікнуць пэўныя складанасці, не крытычныя, але непрыемныя.

Такія санкцыі могуць быць скасаваныя нават не праз нейкія палітычныя аспекты ў Беларусі, яны, магчыма, будуць скасааваныя толькі пасля таго, як будзе закончаная хоць у нейкім выглядзе вайна ва Украіне. Да гэтага моманту чакаць нейкіх скасаванняў санкцый у дачыненні да Беларусі наўрад ці даводзіцца, бо яна фактычна сёння з'яўляецца краінай, якая разам з Расеяй удзельнічае ў вайне супраць Украіны. Адпаведна, санкцыйныя меры, якія былі ўжытыя, у тым ліку і ў дачыненні да гэтага выпадку, яны наўпрост звязаныя з вайной.

- Як гэтая сітуацыя характарызуе цяперашні ўзровень стасункаў паміж Кітаем і рэжымам Лукашэнкі, ці цікавая зараз Беларусь Пекіну ў эканамічным плане?

- У канцы жніўня ў Беларусі быў прэм'ер-міністр Кітая, гэта такі, я б сказаў, важны візіт. Відавочна, што Пекін разглядае Беларусь як зону для свайго ўваходу на еўрапейскі рынак. У гэтай сітуацыі для Кітая важна, каб Беларусь была такім стабільным рэгіёнам, які адчыняе лагістычныя вароты для ўваходу кітайскіх тавараў на еўрапейскі рынак.

Дзеянні, якія робіць Лукашэнка ў дачыненні да суседніх краін, з'яўляюцца для Кітая пэўнай пагрозай і ставяць пад удар лагістычныя камунікацыі, маршруты і гэтак далей. У гэтай сітуацыі за апошнія чатыры гады менскі рэжым стварыў для Пекіна шмат дыскамфортных выпадкаў, у тым ліку наконт тых праектаў, якія Кітай планаваў рэалізаваць у Беларусі. Некаторыя з іх апынуліся ў падвешаным стане, некаторыя былі сарваныя па тэрмінах рэалізацыі, напрыклад - будаўніцтва калійнага камбіната ў Любаньскім раёне, шэраг іншых кірункаў.

У гэтым плане Лукашэнка для Кітая не з'яўляецца сёння камфортным партнёрам для нейкага бізнэсу. Усялякія санкцыі, якія ўводзяцца ў дачыненні да Беларусі, ствараюць для Пекіна пэўныя непрыемнасці. Для Кітая з гэтага пункту гледжання выгадна было б, каб Лукашэнка сышоў са сваёй пасады, а прыйшоў нейкі больш разумны чалавек, які мог бы наладжваць больш прагматычныя стасункі.

Лукашэнка ж разлічвае, што Кітай будзе яго асноўным партнёрам і супольніка. Але пры гэтым, мяркую, што Беларусь для Кітая важная ўсё ж не з пункту гледжання нейкіх эканамічных, гандлёвых дачыненняў, а менавіта з пункту гледжання лагістыкі. Гэта першае, што бачыць Кітай, гледзячы на мапу, што маршруты, якія праходзяць праз Беларусь, павінны быць бяспечнымі. Гэта тое, што ўплывае на якія-небудзь іншыя стасункі і камунікацыю.

Калі Лукашэнка з'яўляецца пагрозай для такіх камунікацый, дык, напэўна, Кітай будзе імкнуцца да таго, каб ён пакінуў сваю пасаду. У тым ліку - уплываючы на супольніка Лукашэнкі, на Пуціна, для якога Кітай сёння таксама з'яўляецца вельмі важным партнёрам. Таму ўплыў Кітая на будучую выбарчую кампанію будзе вельмі высокі. Пазіцыя Пекіна наконт Лукашэнкі (ці кагосьці іншага) у «выбарах» можа мець важнае значэнне для далейшага развіцця палітычнай абстаноўкі ў Беларусі.

- Ці бачыце вы прыкметы ціску Кітая на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы?

- Так, гэта відавочна. З 4-га ліпеня ўпершыню пачалі адпускаць палітвязняў, шмат у чым гэтаму садзейнічала пазіцыя Кітая і скаардынаваныя дзеянні Польшчы. Польскія ўлады загадзя паінфармавалі кітайскі бок падчас візіту прэзідэнта Анджэя Дуды ў Пекін, і тыя дзеянні, якія былі зроблены ў часовым абмежаванні перамяшчэння грузаў праз беларуска-еўрапейскую мяжу, паўплывалі на пэўныя дзеянні непасрэдна з боку Аляксандра Лукашэнкі для вызвалення людзей, якія знаходзяцца ў турмах.

Працэс быў запушчаны, пытанне, колькі гэта працягнецца ў часе. Мяркую, што ў гэтым плане патрэбная больш рашучая пазіцыя з боку Польшчы і іншых еўрапейскіх краін. З Лукашэнкам нельга размаўляць на мове дыпламатыі, з ім можна размаўляць толькі н а мове ўльтыматума і сілы, калі ён іншую мову не разумее.

Кітай у гэтым плане можа вельмі прагматычна глядзець на гэтыя рэчы, прымаючы да ўвагі пазіцыю, якую занялі Польшча і часткова Нямеччына. Гэта тычыцца не толькі палітвязняў, але і нелегальных мігрантаў, якія з'яўляюцца праблемай для еўрапейскіх краін. Таму дзеянні Лукашэнкі вельмі непакояць Кітай, бо гэта пагроза для краін, у якія Кітай сваю прадукцыю адпраўляе. У гэтым плане Кітай з Польшчай знайшоў, відаць, паразуменне ў пытанні стаўлення да Лукашэнкі.

Апошнія навіны