Прэзідэнт Літвы: Глядзім на Беларусь без ілюзій
- 12.09.2024, 17:04
Літоўскі прэзідэнт назваў нашу краіну «крыніцай рызык».
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што хаўрусніца Расеі Беларусь застаецца крыніцай рызык, і Вільня будзе патрабаваць далейшых абмежаванняў супраць гэтай дзяржавы.
Пра гэта Наўседа сказаў на прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Зяленскім у чацвер, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Наўседа зазначыў, што на тэрыторыі Беларусі Расея праводзіць вучэнні і ажыццяўляе адтуль наступленне на ўкраінскую тэрыторыю. Таксама ён нагадаў, што рэжым Лукашэнкі арганізавана накіроўвае нелегальных мігрантаў на літоўскую тэрыторыю ў намаганнях дэстабілізаваць сітуацыю.
«Мы паспяхова супрацьдзейнічалі такім спробам, але гэта не значыць, што Беларусь не спрабуе рабіць гэтага і надалей. Але гэтыя аперацыі проста перамясціліся да мяжы з Польшчай, і ні Польшча, ні ЕЗ не могуць гэтага трываць. Таму мы глядзім на гэтую дзяржаву без ілюзій і разумеем, што гэта яшчэ адна крыніца рызык для ўсіх нас», - падкрэсліў Наўседа.
Ён дадаў, што Літва заўсёды на форумах ЕЗ агітуе за тое, каб у дачыненні да Беларусі ўжываліся тыя ж санкцыі, як і ў дачыненні да Расеі.
«Нядаўна ў ЕЗ быў прыняты яшчэ адзін пакет санкцый супраць Беларусі, і гэта не канец. Мы павінны патрабаваць яшчэ больш строгай ацэнкі Беларусі, улічваючы сітуацыю», - сказаў прэзідэнт Літвы.