У Нідэрландах выпрабавалі вакуумны цягнік
- 12.09.2024, 21:17
Ён перасоўваўся з дапамогай магнітнай левітацыі.
Еўрапейскі цэнтр вакуумнага транспарту выканаў першы тэставы запуск вакуумнага цягніка ў Нідэрландах. Пра гэта паведаміла нідэрландская кампанія Hardt Hyperloop.
Транспартны сродак праехаў 90 метраў трубы з 420 магчымых, развіўшы хуткасць да 30 кіламетраў за гадзіну. Прататып цягніка перасоўваўся з дапамогай магнітнай левітацыі.
На наступным этапе выпрабаванняў спецыялісты хочуць разагнаць цягнік да 80–100 кіламетраў за гадзіну і пратэставаць магчымасць змены палосаў руху ва ўмовах нізкага ціску.
А ў будучыні нідэрландская кампанія мае намер павялічыць хуткасць да 700 кіламетраў за гадзіну.
Канцэпцыя вакуумнага цягніка з’явілася яшчэ ў 1909 годзе. А ў 2012 годзе праект звышхуткаснага транспарту Hyperloop прапанаваў Ілан Маск. На ягоную задумку, цягнікі-капсулы павінны перасоўвацца па тунэлях, усярэдзіне якіх блізкі да вакууму ціск.