Казіно ў Менску саступіла ў азартнай гульні
- 13.09.2024, 10:47
За парушэнні яго пазбавілі ліцэнзіі.
Міністэрства падаткаў і збораў пазбавіла кампанію "Невада Хол" ліцэнзіі на вядзенне гульнявога бізнэсу. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
Прычынай для адклікання ліцэнзіі сталі неаднаразовыя парушэнні кіраўніцтвам кампаніі заканадаўства ў сферы гульнявога бізнэсу і заканадаўства аб ліцэнзаванні, паведамляюць у МПЗ.
З 2020 да 2024 год у казіно пускалі тых, каму было забаронена гуляць, там не правяралі дакументы ў наведвальнікаў і не захоўвалі запісы з відэакамер. Міністэрства неаднаразова патрабавала ўхіліць гэтыя парушэнні, кіраўніцтва «Невада Хол» не прыняло неабходных мер.
«Невада Хол» валодае аднайменным казіно «Невада» ў гандлёвым цэнтры Dana Mall. Ліцэнзію на працу ў сферы гульнявога бізнэсу кампанія атрымала ў 2020 годзе. Валодаюць фірмай расеец Рабаў Дзмітрый Валер'евіч (дзель 90%) і беларус Мельнік Канстанцін Мікалаевіч (дзель 10%).