Украіна вярнула з палону яшчэ 49 вайскоўцаў
- 13.09.2024, 14:20
Абаронцы «Азоўсталі» і не толькі.
13 верасня прайшоў чарговы абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй. Удалося вярнуць 49 вайскоўцаў, сярод якіх і абаронцы "Азоўсталі".
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
«49 украінцаў і ўкраінак дома. Гэта ваяры Узброеных Сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай памежнай службы, а таксама нашыя цывільныя людзі», - распавёў ён.
Са звестак прэзідэнта, сярод іх і Ленія Умерава - дзяўчына, якую расейцы захапілі ў закладнікі, калі яна прыехала клапаціцца пра хворага бацьку.
«Таксама ўдалося вызваліць яшчэ частку абаронцаў «Азоўсталі». Дома і Герой Украіны, вайсковы медык Віктар Іўчук», - дадаў Зяленскі.
Як расказаў амбудсмен Дзмітрый Лубінец, стан здароўя тых, хто вярнуўся з палону, вельмі цяжкі, многія страцілі дзясяткі кілаграмаў вагі.
Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання дадому з палону вярнуліся 3569 украінцаў.