BE RU EN

Другі спадарожнік Зямлі: Хутка ў нашай планеты з'явіцца яшчэ адзін Месяц

  • 13.09.2024, 21:05

Новы аб'ект, які неўзабаве будзе круціцца вакол Зямлі, знайшлі зусім нядаўна.

Пачынаючы з канца верасня ў Зямлі будзе адразу два натуральныя спадарожнікі – звыклы нам Месяц і маленькі астэроід, які будзе круціцца вакол нашай планеты цягам 53 дзён. Гэта паказваюць вынікі даследавання, апублікаванага ў часопісе Research Notes of the AAS, піша Gizmodo (пераклад – «Фокус»).

Маленькі астэроід, які амаль на 2 месяцы стане яшчэ адным натуральным спадарожнікам Зямлі быў знойдзены 7 жніўня 2024 года і атрымаў назву 2024-PT5. Гэты астэроід набліжаецца да нашай планеты па такой траекторыі, што часова будзе захоплены гравітацыяй Зямлі і будзе круціцца вакол яе з 29 верасня да 25 лістапада.

Але насамрэч касмічны камень зробіць усяго толькі адно абарачэнне вакол нашай планеты, а потым паляціць далей у космас. Астраном-аматар Тоні Дан апублікаваў у сацыяльнай сетцы X сімуляцыю руху астэроіда 2024 PT5 вакол Зямлі ў найбліжэйшыя месяцы.

Паводле словаў навукоўцаў, шырыня 2024 PT5 складае ўсяго 10 м. Таму яго не будзе відаць не тое што няўзброеным вокам, а нават з дапамогай хатніх тэлескопаў. Рэч у тым, што астэроід будзе мець зорную велічыню 22, а гэта азначае, што ён вельмі цьмяны. Для таго каб убачыць аб'ект у космасе няўзброеным вокам, ён павінен мець зорную велічыню 6, а лепш менш.

Паводле словаў навукоўцаў, тое, што ў Зямлі на час з'явіцца яшчэ адзін Месяц, не з'яўляецца нечым незвычайным. Гравітацыя нашай планеты часам прыцягвае да сябе калязямныя астэроіды, якія становяцца яе часовымі спадарожнікамі. Напрыклад, адзін такі аб'ект круціўся вакол Зямлі з 2006 да 2007 года, яшчэ адзін – з 2018 да 2020 года. Хоць некаторыя астэроіды могуць быць прыцягнуты гравітацыяй Зямлі бліжэй да планеты, што прымушае іх пачаць кручэнне вакол яе, часцяком такія аб'екты не заканчаюць нават адно абарачэнне і ляцяць далей у космас.

Навукоўцы мяркуюць, што 2024 PT5 належыць да групы калязямных астэроідаў пад назвай Арджуны, арбіты якіх падобныя на арбіту Зямлі. Разлікі астраномаў паказалі, што наступны раз астэроід 2024-PT5 падляціць блізка да Зямлі 9 студзеня 2025 года, а потым такое самае збліжэнне адбудзецца толькі ў 2055 годзе.

Апошнія навіны