BE RU EN

УСУ прарваліся на кіламэтры на новай дзялянцы ў Курскай вобласці

  • 14.09.2024, 12:17

Пад атачэнне можа патрапіць шматтысячная групоўка расейскіх жаўнераў тэрміновай службы.

Украінскія войскі паспяхова прарвалі расейскую абарону яшчэ на адной дзялянцы мяжы ў Курскай вобласці, прасунуўшыся на некалькі кіламэтраў углыб расейскай тэрыторыі.

Пра гэта паведамляе ўкраінскае падраздзяленне БЛА Khorne. Пры гэтым, як піша аналітык a target="_blank" href=https://www.forbes.com/sites/davidaxe/2024/09/13/ukrainian-troops-breached-the-russian-border-west-of-kursk-and-claimed-they-bypassed-thousands-of-russian-conscripts/>Forbes Дэвід Экс, гэтае нечаканае ўварванне мела значна большы поспех, чым меркавалі з першапачатковых звестак.

Першапачаткова меркавалася, што, хаця УСУ прарвалі памежную абарону расейцаў, але на невялікай адлегласці ад прарыву сутыкнуліся з больш жорсткім расейскім супрацівам. Крэмль заявіў, што ягоныя войскі адбілі ўкраінскую атаку «пры падтрымцы вайсковай авіяцыі і артылерыйскага агню».

Падраздзяленне БЛА Khorne, якое падтрымлівала аперацыю прарыву, адпрэчыла заяву Крамля і скрытыкавала мэдыі, якія асвятлялі прарыў у чацвер. Рэпарцёры, якія працытавалі заяву Крамля, — «гістэрычкі, якім не стае інфармацыі, або аплачаныя прарасейскія прапагандысты», — заявілі ў групе.

У якасці доваду паспяховага прарыву група змясціла доўгае відэа, на якім паказаная ўкраінская танкавая калона, што праходзіць праз прарыў, а затым кіруецца да горада Вясёлага, які знаходзіцца ў тыле групоўкі УС РФ.

Як адзначае аналітык Forbes, падобна, што групоўка УСУ праткнулася аж да паўднёвай ускраіны Вясёлага.

«Зайшлі ў новым месцы на кіламэтры ў Расею… Групоўка расейцаў тэрміновай службы ў не адну тысячу чалавек пад пагрозай атачэння», — заявілі ў Khorne.

Як гэтая аперацыя зменіць дынаміку баявых дзеянняў, пакуль невядома. Як адзначае Forbes, у найлепшым для Украіны выпадку новая трансгранічная атака можа адцягнуць расейскія войскі ад контрнаступу далей на ўсход. У найгоршым жа выпадку для Украіны заява Крамля выявіцца дакладнай, а ўварванне ў Вясёлае, хоць і было першапачаткова паспяховым, ужо скончылася адступленнем украінскіх войскаў.

Апошнія навіны