BE RU EN

Польшча ўмацоўвае мяжу з Беларуссю і на рацэ Бугу

  • 14.09.2024, 13:03

Скончыць будоўлю плануюць за год.

На польска-беларускай мяжы ў Люблінскім ваяводстве распачаліся работы для будаўніцтва электроннага бар'ера на памежнай рацэ Бугу. Яго працягласць складзе блізу 172 км, паведамляе Галоўная камендатура памежнай службы Польшчы. Скончыць будоўлю плануюць за год.

Сайт zerkalo.io расказвае, колькі выдаткуюць палякі на гэты элемент барацьбы з крызісам на мяжы, які зладзіў афіцыйны Мінск.

Паводле інфармацыі польскай памежнай службы, цяпер работы вядуцца ва Уладаўскім павеце, які суседзіць з Беларуссю. На польскім беразе ракі Буга ідзе расчышчэнне тэрыторыі ад дрэў і хмызоў. Тут усталёўваюць слупы для камер, мантуюць энэргетычныя і перадавальныя прылады.

Працягласць электроннага бар'ера складзе блізу 172 км. Агулам усталююць бязмала 1800 слупоў, на якіх размесцяць блізу 4500 камер дзённага і цеплавізійнага назірання, а таксама спецыяльныя сэнсары для выяўлення розных фізічных асаблівасцяў аб'ектаў.

Паведамляецца, што бар'ер спраектаваны такім чынам, што радыюс яго дзеяння ахоплівае ўсю працягласць мяжы з Беларуссю на гэтай дзялянцы — тут не будзе мёртвых зон, а назіранне плануюць весці 24 гадзіны.

Скончыць будаўніцтва плануюць на працягу года. Яго кошт, а таксама дзевяцігадовае гарантыйнае абслугоўванне ацэненае на 279 млн польскіх злотых (больш за 70 млн долараў).

З дапамогай электроннага бар'ера на рацэ польскія памежнікі мерацца змагацца з міграцыйным крызісам і кантрабандай.

Апошнія навіны