У вясковай школе ў Гомельскай вобласці водзіцца «прывід»?
- 15.09.2024, 9:35
Пра гэта паказалі сюжэт на дзяржаўнай ТВ.
Настаўнікаў і навучэнцаў Грабаўскай сярэдняй школы ў Гомельскай вобласці палохае прывід. Аб гэтым заявілі ў эфіры дзяржтэлеканала ОНТ.
У сюжэце школьнікі, педагогі і вартаўнікі сцвярджаюць, што перыядычна бачаць у школе нешта падобнае да празрыстага сілуэта жанчыны, які нагадвае дым.
Адзначаецца, што гэтая гісторыя доўгі час не мела агалоскі, але зараз у сельскай школе надумалі распавесці пра загадкавую з'яву, якую назіраюць. Некаторыя вучні распавялі таксама, што ўвечары часам святло ўключаецца само па сабе, дзверы могуць нечакана адчыніцца ці чутны жаночы голас з іншай часткі будынка. Са слоў старшакласнікаў, адчуванні ў іх такія, што як быццам «за спінай нехта дыхае ў патыліцу, але ты абарочваешся — і нікога няма», некаторыя, з іх сцвярджэнняў, адчувалі «халодныя дакрананні», але таксама нікога не бачылі побач.
У сюжэце гаворыцца, што найчасцей істота з'яўляецца перад маладымі нежанатымі хлопцамі, але ў той жа час спрабуе ўвайсці ў кантакт і з дзяўчатамі. З’яўляецца выключна ў цёмны час дня. Паводле інфармацыі тэлеканала, у апошні час здань аблюбавала кабінет літаратуры. Здымачная група чакала яе менавіта там, але ніхто так і не з'явіўся.
«Тыя, хто бачыў школьны прывід, кажуць, што ў поўню сутнасць буяніць мацней звычайнага. Відавочцы апісваюць фігуру як жаночую, з доўгімі валасамі, з адзеннем, праўда, усё не так адназначна: нехта бачыць яе ў чорным, нехта ў светлым», — гаворыцца ў сюжэце.
Таксама адзначаецца, што чужым прывід не паказваецца, трэба нібыта пачакаць пару гадзін, каб ён вывучыў госця, потым, магчыма, і адбудзецца сустрэча. У сюжэце сцвярджаецца, што падчас здымак начная госця «цягнуць не стала: на паверсе само па сабе ўключылася святло».
Са слоў аўтара сюжэту, пра палтэргейст гавораць не толькі дзеці, але і дарослыя, таму ён не здаецца выдумкай.
«Сілуэт жаночы быў, гэта відавочна, я пайшоў, як гусар следам, я зразумеў, што гэта не чалавек. Гэта мяне спыніла», - сцвярджае працоўны па комплексным абслугоўванні будынкаў Грабаўскай сярэдняй школы Валеры Прыходзька. Ён расказаў, што сядзеў на вахце і ўбачыў таямнічую выяву на лесвіцы, якая неўзабаве растварылася, нібы смуга.