Работнік Беларускай АЭС расказаў, як стаў байцом УСУ
- 15.09.2024, 12:48
Да вайны ён быў пацыфістам.
Да 2022 года «Брута» быў пацыфістам і працаваў на адной з атамных станцый у Беларусі, а потым уступіў на службу кіроўцам узвода ПТРК (процітанкавых ракетных комплексаў) у 118-й АМБр (асобнай механізаванай брыгадзе), піша «Суспільне».
Як расказаў вайсковец, да 24 лютага, ён цягам 6 гадоў працаваў мантажнікам тэхналагічнага атамнага абсталявання ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што на станцыі практычна ўсе калегі былі ўкраінцы, сама АЭС належала кампаніі, звязанай з Расеяй.
«Калі я працаваў на атамнай станцыі, мяне ўгаворвалі ўзяць расейскае грамадзянства. Казалі, што без гэтага не будзе кар'ернага росту», - заявіў 35-гадовы ўкраінец.
Мужчына прызнаўся, што ў канцы 2021 года ён вярнуўся дадому, у Луцк, праз некалькі месяцаў збіраўся вяртацца на працу ў Беларусь, але ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна і ён асабіста прачнуўся 24 чысла ад выбухаў ракет. «Брута» патлумачыў, што адразу ж пайшоў у вайсковы камісарыят з сябрамі, але яго адмовіліся мабілізаваць праз адсутнасць вайсковага досведу. У шэрагі УСУ ён патрапіў у чэрвені таго ж года, калі яму ўручылі позву.
Са слоў вайскоўца, пасля навучання пад кіраўніцтвам інструктараў NATO, іх падраздзяленне адправілі на Запарожскі кірунак, дзе і знаходзіцца дагэтуль. Іх задачай з'яўляецца стрымліванне варожых танкаў.
«У нас супрацьтанкавы ўзвод. Гэта ўсе тыпы супрацьтанкавай зброі. Варожая тэхніка выходзіць, і нам па рацыі перадаюць каардынаты. Мы адпрацавалі і адышлі. Часам ідзём на штурмы, часам трымаем пазіцыі. Задачы мяняюцца», - распавёў «Брута».
Як успамінае ўкраінец, 2 кастрычніка мінулага года ён атрымаў раненне - у акоп, за 50 метраў ад пазіцый расейскіх акупантаў, трапіў набой ад супрацьтанкавага гранатамёта.
«У першыя хвіліны я думаў, што «двухсоты». Нічога не бачыў, нічога не чуў. Сядзеў і думаў, што так прыходзіць смерць. Потым думаў, што мне выбіла вочы, пакуль зямля з іх не абсыпалася, і я пачаў бачыць», - прызнаўся ваяр.
Ён заявіў, што ў выніку трапляння набоя ў яго дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, цяжкую кантузію, апёкі рук і твару і разрыў барабанных перапонак.
Лячэнне і рэабілітацыя, як сцвярджае СМІ, працягваліся амаль 6 месяцаў. Падчас аднаўлення, са слоў «Брута», яму вельмі дапамагла мама і сабака «Буля» пароды джэк-расэл-тэр'ер. Ужо праз некалькі дзён ён мусіць вярнуцца на перадавую.