«Камандаванне РФ нічога не зразумела»
- 15.09.2024, 13:53
Эксперт назваў галоўны пралік расейцаў у Курскай вобласці.
У Курскай вобласці РФ ёсць найбольш слабыя месцы, з якіх расейцы тэарэтычна павінны пачаць выбіваць украінскія падраздзяленні. Пра гэта заявіў ваенны эксперт, афіцэр рэзерву УСУ Андрэй Крамараў у эфіры Radio NV.
«Тыя дзеянні, якія зараз адбываюцца - з заходам праз новыя адцінкі мяжы, - насамрэч яны адбываюцца праз спробы расейцаў атакаваць. У іх пакуль ідзе не маштабная атака, як мы, напрыклад, бачым на ўкраінскай Данеччыне, а пэўная выведка боем, калі яны правяраюць, дзе ў нас на Куршчыне ёсць найбольш слабыя месцы, з якіх яны тэарэтычна павінны пачаць нас выбіваць», - адзначыў Крамараў.
У той жа час эксперт зазначыў, што расейскае камандаванне не ўлічыла адну рэч. Расейцы зусім забыліся, што мяжа - гэта таксама лінія фронту.
«Праблема ў тым, што ў іх чамусьці камандаванне, прабачце, нічога зусім не зразумела, што ў іх яшчэ ёсць мяжа, і мяжа гэта таксама лінія фронту. Як мы некалі зразумелі, што ўся мяжа - не толькі з Расеяй, нават з Беларуссю - гэта ўсё лінія фронту. І гэтую мяжу трэба бараніць. І вось нанясенне ўдару па тыле тых войск, якія пайшлі ў выведку боем, для іх гэта зноў стала здзіўленнем», - сказаў ён.
Зрэшты, эксперт адзначыў, што не трэба чакаць нейкіх змен на мапе на Куршчыне. УСУ занялі там тэрыторыю, якую могуць эфектыўна ўтрымаць, не марнуючы на гэта шмат сіл. Хутчэй за ўсё, будзе інфармацыя аб спробах нападаў расейцаў і нядрэннай абароне УСУ.
«У некаторых момантах будзем чуць аб тым, што яны чамусьці не разлічылі, а ім у тыл зайшлі ўкраінскія войскі», - адзначыў Крамараў.