Тры жыхары Беларусі дасягнулі ўзросту 110 гадоў
- 15.09.2024, 14:02
Большасць доўгажыхароў у краіне - жанчыны.
Тры жыхары Беларусі дасягнулі ўзросту 110 гадоў, расказаў намеснік начальніка Галоўнай управы сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол, паведамляе БелТА.
Паводле апошніх звестак, узросту, большага за 100 гадоў, дасягнулі звыш 600 чалавек. Цягам апошніх дзясяці гадоў іх колькасць складала амаль 400. У 2023 годзе было амаль 500 доўгажыхароў.
Мікалай Арол удакладніў, што з ліку ўсіх доўгажыхароў тром жыхарам Беларусі больш за 110 гадоў.
Наконт гендэрнага складу намеснік начальніка Галоўнай управы дадаў, што 66% людзей, старэйшых за 65 гадоў — жанчыны. Гэта значыць, на дзвюх жанчын гэтага ўзросту прыпадае адзін мужчына.