BE RU EN

Найстарэйшы бровар Баварыі закрыецца пасля 334 гадоў працы

  • 15.09.2024, 15:34

130 гадоў ён належаў адной сям'і.

Адзін з найстарэйшых бровараў Баварыі - Schlössle-Bier - закрыецца праз страты пасля 334 гадоў працы, паведамляе Bild.

Піваварня, размешчаная ў горадзе Ной-Ульме, спыніць вытворчасць піва ў снежні, піша выданне. Яе ўладальніца Крыста Цолер сказала выданню, што прадпрыемства больш не можа канкураваць з прамысловымі гігантамі.

«Спажыванне піва падае, але кошты сыравіны і энэргіі растуць. Мы ўжо дзесяць гадоў маем страты ў піваварным бізнэсе», - патлумачыла Цолер.

Каб сродкаў выстарчыла на куплю новага абсталявання, кошты піва павінны быць удвая вышэйшыя за цяперашнія, мяркуе прадпрымальніца. Дадатковыя праблемы прыватным броварам Нямеччыны стварае бюракратыя, мяркуе яна.

Пры бровары ў Цолер ёсць рэстарацыя, яе яна закрываць не мае намеру. Яна давала большую частку прыбытку, якая кампенсавала страты бровару, і працягвае яго прыносіць, патлумачыла прадпрымальніца.

Адпаведная аб'ява аб спыненні дзейнасці ўжо з'явілася на сайце Schlössle-Bier. У паведамленні сказана, што продажы прадукцыі будуць паступова спыненыя цягам некалькіх тыдняў.

Продажы і вытворчасць піва падаюць у Нямеччыне шмат гадоў. Паводле звестак Федэральнай статыстычнай управы, за першыя шэсць месяцаў 2023 года продажы знізіліся на 2,9% у параўнанні са студзенем—чэрвенем 2022-га. Гэта на 12,2% менш, чым дзесяццю гадамі раней. У той жа час у студзені—траўні 2024-га продаж піва вырас на 2,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га — да 3,4 млрд літраў.

Апошнія навіны