BE RU EN

У Гомелі значна пагоршылася якасць паветра

  • 16.09.2024, 9:54

Жыхарам горада раяць не адчыняць вокны.

Жыхары Гомеля паведамілі аб рэзкім пагаршэнні якасці паветра ўночы 16 верасня. Яны скардзяцца на моцны пах гару, які пачаў пранікаць у дамы, піша «Флагшток». У сацыяльных сетках і чатах гараджане скардзіліся на немагчымасць нармальна дыхаць і нават на раздражненне вачэй.

Сітуацыю з забруджваннем паветра пацвердзіў сэрвіс AirMQ, які зафіксаваў рэзкае пагаршэнне паказчыкаў якасці паветра.

NASA праз свой метэаралагічны сэрвіс Worldview паказалі, што прычынай праблемы стаў усходні вецер, які прынёс дым з пажараў у прымежных зонах Чарнігаўскай вобласці Украіны і Бранскай вобласці РФ. У гэтых лясах знаходзяцца радыенукліды, што робіць удыханне такога дыму асабліва небяспечным для здароўя.

Метэаролагі рэкамендуюць жыхарам паўночнага ўсходу Гомельскай вобласці і паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці не адчыняць вокны і па магчымасці пазбягаць выхаду на двор, каб мінімізаваць уздзеянне забруджанага паветра.

«Флагшток» прывёў некалькі каментароў гомельцаў, якія незадаволены сітуацыяй, якая склалася.

«Як з гэтым змагацца, у кватэры ўжо вочы рэжа, страшна спаць класціся».

«У 5-м проста не прадыхнуць, было акно адчынена на кухні, зараз ва ўсёй кватэры смярдзіць».

«У 51-ым такая ж гісторыя, увесь раён у нейкім дыме, смурод невыносны».

Апошнія навіны