Зяленскі расказаў, як пасадзіць Пуціна за стол перамоў
- 16.09.2024, 10:59
Прэзідэнт Украіны прапанаваў дзейсны спосаб.
Прымусіць Пуціна да пачатку мірных перамоў па Украіне можна, прымусіўшы расейцаў плаціць больш высокую цану за вайну, заявіў украінскі лідар Уладзімір Зяленскі.
«Калі расейцы апынуцца ў небяспецы, калі яны будуць пазбаўленыя камфортнага жыцця, калі ім давядзецца жыць без электраэнэргіі, як нашым людзям, яны зразумеюць кошт вайны і яны будуць незадаволеныя. Тады яны пачнуць ціснуць на Пуціна», - сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю CNN.
Паводле ягоных слоў, Пуцін не баіцца іншых краін і іх лідараў, але баіцца абурэння народа Расеі. Таму заходнія саюзнікі павінны дапамагчы Украіне стаць дастаткова моцнай, каб яна магла пазбавіць расейцаў адчування бяспекі і камфорту. У гэтым выпадку Зяленскі паабяцаў, што Захад убачыць - Пуцін «сядзе і пачне перамовы».
«Дыпламатычныя пастановы добрыя, калі ты моцны. У адваротным выпадку Пуцін нават не будзе прымаць у гэтым удзелу. І я думаю, што пры іншых абставінах яны [расейцы] не будуць зацікаўленыя ў тым, каб спыніць вайну», - сказаў Зяленскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што Украіна дагэтуль не атрымала дазволу ад ЗША на прымяненне амерыканскіх дальнабойных ракет для ўдараў па Расеі. Паводле яго слоў, з дапамогай гэтай зброі Кіеў мае намер атакаваць вайсковыя базы, а не грамадзянскую інфраструктуру.