BE RU EN

Defense Express: УСУ пачалі другую фазу аперацыі ў Курскай вобласці

  • 16.09.2024, 13:59

Наступ ідзе як мінімум на трох адцінках.

Дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц заявіў, што ў Курскай вобласці Узброеныя сілы Украіны пачалі другую фазу аперацыі.

«На працягу месяца расейцы сапраўды назапасілі сілы і пачалі праводзіць контратакавальныя дзеянні ў Курскай вобласці. Цяпер мы знаходзімся на такім цікавым этапе, калі нашы войскі праводзяць, як па мне, ужо другую фазу аперацыі ў Курскай вобласці, рэагуючы на расейскі наступ. Супраціўнік, выкарыстоўваючы найбольш падрыхтаваныя падраздзяленні, падышоў і захапіў сяло Снагосць, на некаторых участках пачаў прасоўвацца. Я б вылучыў адзін населены пункт, размешчаны на ўсход ад Снагосці, - Любімаўка, якая стаіць за 5 км ад дарогі з Коранева ў Суджу. Гэта лагістычны шлях, які і мы выкарыстоўваем для ўтрымання сваіх падраздзяленняў. Цяпер вораг хоча прабіцца на гэтую трасу, таму сканцэнтраваў там значныя сілы», - адзначыў ён у эфіры «Эспрэса».

Паводле ягоных слоў, калі расейцы пачалі свае штурмы, УСУ правялі контрнаступальныя дзеянні. Зараз Сілы абароны наступаюць сама меней тры адцінкі - Глушкаўскі раён, крыху на захад ад участка Коранёвае - Снагасць. Размова ідзе аб населеных пунктах Вясёлае, Мядзведжае - яны з'яўляюцца заходам у тыл той групоўкі расейцаў, якая ажыццяўляе наступ па гэтым адцінку.

«Цяпер такі важны момант, калі вораг спрабуе без дадатковых рэзерваў утрымаць нашае прасоўванне і ўскладніць нам лагістыку. А мы наадварот - ствараем істотныя пагрозы для супраціўніка на гэтым адцінку, выкарыстоўваючы свой патэнцыял. А гэта сведчыць аб тым, што сітуацыя тут будзе дастаткова дынамічнай. У нас ёсць сілы і сродкі, якія дазваляюць і далей здзіўляць захопніка, а з іншага боку - ставіць яго ў вельмі нявыгаднае становішча на гэтым участку фронту», - рэзюмаваў Згурэц.

Апошнія навіны