BE RU EN

Беларус, які абвясціў галадоўку ў Клайпедзе, выйшаў з лякарні

  • 17.09.2024, 9:51

Ён працягвае пратэставаць.

Больш за тыдзень таму Рыгор Алексіевіч, які абвясціў галадоўку ў Літве, абвясціў, што адмаўляецца прымаць ежу, пакуль не выдадуць ягоны аўтамабіль. У мінулую пятніцу беларусу стала дрэнна - яго даставілі ў клайпедскі шпіталь. Цяпер мужчына адчувае сябе значна лепш і працягвае акцыю пратэсту, паведаміў ён «Новой газете. Балтия». Між тым Міністэрства фінансаў Літвы патлумачыла сваю пазіцыю наконт аўтамабіляў беларусаў у Клайпедзе, якія захраслі.

Колькі менавіта аўтамабіляў беларусаў захраслі ў порце Клайпеды, раней дакладна было невядома. Паведамлялася, што іх колькасць можа дасягаць 4 тысяч. Петыцыю на адрас літоўскіх уладаў падпісалі крыху больш за 1 тысячу чалавек. Беларускаму тэлеканалу «Белсат» Міністэрства фінансаў Літвы паведаміла, што такіх аўто 2,7 тысячы.

- Паводле папярэдніх ацэнак мытных экспэртаў, менш за 10% аўтамабіляў, якія знаходзяцца на часовым захоўванні ў Клайпедзе і іншых пунктах часовага захоўвання, напраўду могуць быць прызначаныя для асабістага карыстання на ўнутраным рынку Беларусі, а ўсе астатнія - для ўвозу ў ЕЗ або чакаюць заказчыкаў у Расеі, - сцвярджаюць у гэтым ведамстве.

Аднак аўтары петыцыі, да якіх па каментар звярнулася «Новая газета.Балтия», сумняваюцца ў звестках: «Як можна сцвярджаць, што 9 з 10 аўтамабіляў будуць прададзеныя ў Расею? Пра гэта гавораць як ужо пра факт, які адбыўся, нібыта літоўскія чыноўнікі могуць прадбачыць будучыню. Гэта ж здагадкі!»

У якасці аргумента Міністэрства фінансаў падае такі факт: «Праз сацыяльныя сеткі прадаюць тры, а часам і чатыры аўтамабілі, якія ўжо прыбылі ў порт Клайпеды».

- Гэта акурат вынік прынятай пастановы мытні Літвы, - падкрэсліваюць аўтары петыцыі. - Некаторыя аўтамабілі выставілі на продаж, таму што людзі не змаглі іх вывезці, і такім чынам перакладаюць гэты галаўны боль на іншых. Першапачаткова некаторыя «памагатыя» (так пакупнікі аўтамабіляў называюць літоўскія фірмы-пасрэднікі. - Заўвага. «Новая газета. Балтия») прапаноўвалі менавіта такі варыянт.

Таксама Мінфін Літвы заяўляе, што «большасць падпісантаў петыцыі рабілі гэта не аднойчы, а некалькі разоў ці нават дзясяткі разоў з адной старонкі, іншыя выкарыстоўвалі фальшывыя старонкі. Акрамя таго, большасць падпісчыкаў напраўду грамадзяне Расеі, зацікаўленыя пакупнікі, якія чакаюць аўтамабілі».

Апошнія навіны