Чарговы нечаканы ўдар
- 17.09.2024, 12:41
УСУ крэатывяць у Курскай вобласці РФ.
Заснавальнік «Рэактыўнай пошты», ваенны экспэрт Павел Нарожны расказаў у эфіры Radio NV, як дзейнічаюць УСУ на Куршчыне і чаму колькасная перавага ворага на гэтым кірунку не вызначальны чыннік.
«З пункту гледжання колькаснай перавагі, яна працавала б, калі б была пастаянная лінія абароны, на якой былі пабудаваны нейкія ўмацаванні і да таго падобнае. Тамака ўмацаванні ёсць, але іх вельмі мала. Гэта значыць вораг проста не здольны гэта зрабіць хутка, яму патрэбны месяцы для таго, каб іх будаваць», - пракаментаваў Нарожны.
Паводле ягоных слоў, важную ролю адыгрывае ўкраінская манеўранасць:
“Мы вельмі добра ўмеем такім чынам працаваць. Недзе ў нейкім месцы мы ўдарылі, атрымалі, скажам, магутны адказ ад ворага, спрабуем у іншым месцы. Калі там прабілі [абарону], то гэта азначае, што мы зайшлі ў тыл і знішчаем падраздзяленні ворага. Таму ў гэтым канкрэтным выпадку колькасная перавага не працуе, пакуль няма вельмі ўстойлівай лініі судакранання, на якой мы стаім ужо месяцамі; калі вораг ведае вельмі добра геаграфію, пабудаваў нейкія ўмацаванні».
Менавіта так, нагадаў Нарожны, зараз дзейнічаюць УСУ, развіваючы новы кірунак на захадзе Курскай вобласці:
«Тую ж групоўку, якая знаходзіцца ў Глушкаўскім раёне, Узброеныя сілы Украіны робяць спробы абысці з іншага кірунку. Ізноў робяць чарговы нечаканы ўдар, дзе ў ворага няма магутных падраздзяленняў; для таго, каб развіць новы кірунак, для таго, каб ворагу трэба было адказваць, трэба адцягваць з іншых кірункаў больш-менш магутныя падраздзяленні, каб спыняць чарговы наступ УСУ».