BE RU EN

Нарвегія зафіксавала скачок радыяцыі на мяжы з Расеяй

  • 17.09.2024, 14:08

Крыніца з'яўлення цэзію-137 незразумелая.

Нарвежскае агенцтва радыяцыйнай і ядзернай бяспекі (DSA) зафіксавала павышэнне радыяцыі вышэй за нармальныя парогі на мяжы з Расеяй, паведамляе Barrents Observer са спасылкай на заяву ведамства, заўважыў сайт The Moscow Times.

Як сцвярджае DSA, у пробах дзвюх станцый радыяцыйнага назірання - Вікшоф'ель і Сванхоўд - былі выяўленыя сляды цэзію-137 - радыеактыўнага ізатопа, які вылучаецца пры распадзе ўрану-235, што ўваходзіць у паліва для атамных рэактараў і «начынне» для ядзернай зброі.

Колькасць цэзію-137 у пробах была нізкай, хоць і перавысіла нармальныя значэнні – блізу 5 мікрабекерэляў на кубічны метр, падкрэслівае Брэда Мелер з падраздзялення гатоўнасці да надзвычайных сітуацый DSA. Радыеактыўны ізатоп быў знойдзены ў перыяд з 9 да 12 верасня і толькі на станцыях, блізкіх да нарвежска-расейскай мяжы: іншыя пасты радыяцыйнага назірання - на поўначы Нарвегіі і ў Лапландыі - яго не фіксавалі. Таксама нічога не паведамлялася аб прысутнасці цэзію ў пробах з расейскага боку.

Крыніца з'яўлення цэзію-137 незразумелая, падкрэсліваюць у DSA. У Баранцавым моры працуюць некалькі атамных ледаколаў, а таксама атамныя падлодкі, якія з 16 верасня выйшлі на найбуйнейшыя з халоднай вайны вучэнні «Акіян-2024». Тым не менш, малаімаверна, каб «выцек» цэзію-137 адбыўся на працоўным рэактары ў моры, мяркуюць нарвежскія эксперты.

Іншая магчымасць, на іх думку, можа быць звязаная з распрацоўкай або выпрабаваннямі расейскай ракеты з ядзерным рухавіком «Буравеснік». Палігон для яе запуску знаходзіцца на архіпелагу Новая Зямля, дзе СССР аж да 1990 года праводзіў ядзерныя выпрабаванні.

Як піша Barrents Observer са спасылкай на спадарожнікавыя звесткі, усё лета і ў пачатку восені на Новай зямлі актыўна працавалі расейскія спецыялісты па ядзернай зброі. На арктычны архіпелаг прыходзілі спецсудны «Расатама», а ў аэрапорце Рагачова на Новай зямлі былі заўважаныя вайскова-транспартныя самалёты Іл-76. Афіцыйна аб выпрабаваннях «Буравесніка», які амерыканскія чыноўнікі празвалі «лятаючым Чарнобылем», не паведамлялася.

Паводле інфармацыі амерыканскай выведкі, з 13 вядомых выпрабаванняў «Буравесніка», 11 скончыліся няўдала. У 2019 годзе ракета ўпала ў Баранцавае мора, а падчас місіі па яе выманні адбыўся выбух, у выніку якога загінулі 7 чалавек, у тым ліку навукоўцы з ядзернага цэнтра ў Сараве.

Апошнія навіны