Швэцыя хоча павялічыць абаронныя выдаткі да 2,4% УБП
- 17.09.2024, 19:47
У тым ліку для дапамогі Украіне.
Урад Швэцыі ў аўторак, 17 верасня, прапанаваў моцна павялічыць абаронны бюджэт на працягу 2025-2030 гадоў для выканання паказчыка NATO — выдаткаў на абарону 2% УБП.
Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», паведаміла прэсавая служба швэдскага ўрада.
Прапанова ўрада на чале з прэм'ерам Ульфам Крыстэрсанам прадугледжвае павелічэнне выдаткаў на абарону ў 2025 годзе на 10%, або на 13 мільярдаў швэдскіх крон (1,14 мільярда еўраў). У выпадку ўхвалення парламентам гэта будзе азначаць, што налета Швэцыя выдаткуе 2,4% УБП на абарону.
Акрамя таго, на працягу 2025-2030 гадоў швэдскі ўрад прапануе павялічыць абаронныя выдаткі на больш за 170 мільярдаў швэдскіх крон, што дазволіць краіне выйсці на паказчык 2,6% УБП у 2028 годзе.
«Сітуацыя з бяспекай патрабуе мацнейшай абароны. Вайна Расеі супраць Украіны з'яўляецца вызначальным чыннікам бяспекі ў суседніх са Швэцыяй краінах», — канстатуецца ў паведамленні.
Дадатковыя выдаткі, як тлумачыць урад Швэцыі, дазволяць павысіць аперацыйныя здольнасці Узброеных сіл Швэцыі, узмацніць яе ўклад у аперацыі NATO, а таксама "забяспечыць больш амбіцыйную і доўгатэрміновую падтрымку Украіны".
"Напрыклад, гэта дазволіць фінансаваць шматнацыянальную кааліцыю сіл і сродкаў, якая была створаная для падтрымкі Украіны з мэтай дапамагчы задаволіць яе патрэбы ў матэрыяльна-тэхнічных сродках, баявых прыпасах і г.д.", — кажуць ва ўрадзе Швэцыі.
Прапанова, узгодненая партыямі кааліцыі, яшчэ мае быць ухваленая парламентам Швэцыі.