BE RU EN

У Арменіі заявілі аб прадухіленні дзяржперавароту

  • 18.09.2024, 10:53

Удзельнікаў рыхтавалі на вайсковай базе «Арбат» у Расеі.

Служба нацыянальнай бяспекі Арменіі заявіла аб раскрыцці падрыхтоўкі да дзяржперавароту. Следчы камітэт краіны расследуе крымінальную справу.

Паводле версіі следства, некалькі грамадзян Арменіі і былых жыхароў Нагорнага Карабаху і неўстаноўленыя асобы правялі падрыхтоўку да захопу ўлады. Паводле папярэдняй змовы фігуранты справы завербавалі шэраг грамадзян Арменіі і былых жыхароў Нагорнага Карабаху для праходжання трохмесячных збораў у Расеі з мэтай азнаямлення з новымі тыпамі ўзбраення, навучання навыкам іх выкарыстання, а затым нясення баявога дзяжурства пасля вяртання ў Арменію і навучання іншых асоб. Узнагароджанне падчас збораў складала амаль 220 тысяч расейскіх рублёў за месяц.

Завербаваныя асобы адправіліся ў Растоў-на-Доне, адкуль былі перавезеныя ў іншае месца, дзе прайшлі праверку, у тым ліку на паліграфе. Падрыхтоўка праходзіла на вайсковай базе пад назвай «Арбат». З завербаванымі праводзіліся заняткі па вядзенні бою ў закрытым памяшканні.

«Акрамя таго, ім паведамілі, што мэта вучэнняў - вярнуцца ў Рэспубліку Арменія і адхіліць дзейную ўладу», - гаворыцца ў паведамленні СК.

Частка завербаваных выступіла супраць гэтага і адмовілася ўдзельнічаць у перавароце. Двое фігурантаў справы паспрабавалі ўрэгуляваць сітуацыю, фармальна зняпраўдзіўшы мэту падрыхтоўкі.

«Аднак частка завербаваных асоб адмовілася ўдзельнічаць у вучэннях і вярнулася ў Рэспубліку Арменія, а С.Г. і іншыя члены злачыннай групы не змаглі давесці да канца злачынства па не залежных ад іх абставінах», - дадалі ў камітэце.

Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да сямі чалавек, трое затрыманыя, чацвёра абвешчаныя ў вышук. Ужываюцца актыўныя захады для выяўлення іншых фігурантаў.

Апошнія навіны