Беларускіх кіроўцаў будуць правяраць на алкаголь перад рэйсам дыстанцыйна
- 18.09.2024, 11:41
Міністэрства аховы здароўя раскрыла падрабязнасці.
Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены ў Інструкцыю аб парадку правядзення перадрэйсавых і іншых медыцынскіх абследаванняў кіроўцаў. Новаўвядзенні прапісаныя ў ведамаснай пастанове №134, якая ў сераду, 18 верасня, была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Як вынікае з тэксту дакумента, у інструкцыі афіцыйна замацавалі права юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца транспартнымі перавозкамі, праводзіць дыстанцыйна абавязковы перадрэйсавы кантроль кіроўцаў (у тым ліку на змяшчэнне алкаголю і забароненых рэчываў у арганізме) і іншыя медыцынскія абследаванні.
Як менавіта можа быць арганізаваны такі дыстанцыйны кантроль, у пастанове не ўдакладняецца. Там толькі сказана, што праводзіць медагляд цяпер можна «з ужываннем медыцынскіх вырабаў, якія забяспечваюць аўтаматызаваную дыстанцыйную перадачу інфармацыі аб стане здароўя работнікаў і дыстанцыйны кантроль стану іх здароўя».
Акрамя таго, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя, цяпер весці часопіс перадрэйсавых і іншых медыцынскіх абследаванняў кіроўцаў можна і ў электронным выглядзе, але толькі «пры выкананні патрабаванняў, што выстаўляюцца да электронных медыцынскіх дакументаў».
З пастановы таксама вынікае, што цяпер правяраць у межах перадрэйсавых медаглядаў будуць не змяшчэнне «алкаголю» ў арганізме кіроўцы, а змяшчэнне «абсалютнага этылавага спірту».