Фінляндыя і Эстонія распрацоўваюць праект блакавання Балтыйскага флоту
- 18.09.2024, 17:37
На выпадак «экстрэмальнай сітуацыі».
Ваенныя камандаванні Фінляндыі і Эстоніі плануюць распрацаваць план для забароны дзеянняў расейскага флоту ў Балтыйскім моры на выпадак «экстрэмальнай сітуацыі», заявіў камандзір Сіламі абароны Эстоніі генерал-маёр Андрус Мерыла ў інтэрв'ю Helsingin Sanomat.
Паводле ягоных слоў, «марская абарона - гэта тое, у чым Фінляндыя і Эстонія будуць і далей нарошчваць сваё супрацоўніцтва». Бакі гатовы распрацаваць больш канкрэтныя планы для поўнай забароны дзеянняў супраціўніка ў Балтыйскім моры, калі гэта стане неабходным.
Мерыла таксама адзначыў, што з вайсковага пункту гледжання гэта цалкам магчыма. Адказваючы на пытанне аб тым, у якой сітуацыі можа адбыцца закрыццё Фінскай затокі для Расеі, ён растлумачыў, што гэта будзе залежаць ад абстаноўкі ў сферы бяспекі.
«Мы гатовы гэта зрабіць, каб абараніць сябе», - падкрэсліў эстонскі гетман.