BE RU EN

У Нарвегіі электракараў стала больш, чым бензінавых машынаў

  • 18.09.2024, 20:40

Паводле гэтага паказніку краіна стала першай у свеце.

Нарвегія стала першай краінай у свеце, дзе колькасць электракараў перавысіла колькасць бензінавых аўтамабіляў. Гэта гаворыцца ў справаздачы Інфармацыйнай рады дарожнага руху Нарвегіі (OFV), апублікаванай у сераду, 18 верасня. Прагназуецца, што да 2026 года электрычных машынаў у краіне таксама стане больш, чым дызельных.

На сёння, паводле звестак OFV, з прыкладна 2,87 млн аўтамабіляў, зарэгістраваных у Нарвегіі, амаль мільён – дызельныя, 754303 – электрычныя, 753905 – бензінавыя. Яшчэ 364388 машынаў гібрыдныя.

Згодна з прагнозам OFV, да 2030 года агульная колькасць легкавых аўтамабіляў у Нарвегіі павялічыцца да прыкладна 3,1 млн. Пры гэтым за апошнія дваццаць гадоў больш за мільён бензінавых машынаў былі выведзеныя з нарвежскага аўтапарку і замененыя ў асноўным электракарамі. «Тое самае адбудзецца і з дызельнымі аўтамабілямі», – гаворыцца ў справаздачы.

У чэрвені 2023 года ў Еўрапейскім Звязе было ўпершыню прададзена больш электрамабіляў (158 тысячаў, ці 15,1%), чым машынаў з дызельнымі рухавікамі (139,6 тысячы, ці 13,4%). На першым месцы тады былі бензінавыя аўтамабілі (36% продажаў), на другім – гібрыдныя (24%).

Апошнія навіны