BE RU EN

22-гадовы ўкраінец страціў дар слова ў расейскім палоне

  • 19.09.2024, 18:26

Яго збівалі і катавалі.

Відэа, як маці сустракае свайго сына, які вярнуўся з расейскага палону, апублікавалі многія ўкраінскія СМІ. На ім маладзён з недаверлівым і нават адсутным позіркам слухае жанчыну і ў канцы дазваляе сябе абняць.

«Мы цябе вельмі любім, без цябе ў нас жыцця не было ніякага», - кажа жанчына і абдымае худога, стрыжанага пад нуль маладога хлопца.

На гэтых кадрах Мілана Кампаніец сустракае свайго вызваленага ў выніку абмену 22-гадовага сына - матроса 36-й асобнай брыгады марской пяхоты Юрыя Гульчука. Ягоную гісторыю расказала ўкраінская праваабарончая арганізацыя Медыйная ініцыятыва правоў чалавека (МІПЧ).

Юрый Гульчук вучыўся на факультэце кітайскай філалогіі, меў здольнасці да вывучэння замежных моў, але ўвосень 2021 года пасля другога курса надумаў, што пойдзе ў войска.

- Як бы я ні ўгаворвала яго, ён не слухаў. Забраў дакументы з універсітэта і адправіўся на тэрміновую службу, - успамінала ў размове з журналістамі жанчына.

Сам Юрый пазней напісаў маці, што "войска - гэта найлепшае, што адбылося ў маім жыцці".

А потым пачалася вайна. У самае яе пекла - у Марыюпаль - Юрый патрапіў усяго праз паўгода з пачатку службы. 12 красавіка 2022 года на заводзе Ільіча яго ўзялі ў палон. Пра гэта жанчына даведалася, калі ўбачыла фота сына ў расейскіх тэлеграм-каналах.

- З ягоных вачэй я зразумела, якіх жахаў ён наглядзеўся ў Марыюпалі. Яны на заводзе Ільіча амаль месяц нічога не елі, лавілі катоў і галубоў, ваду з батарэй злівалі, - распавяла жанчына.

Спачатку Гульчук трапіў у калонію ў Аленаўцы, пазней яго, як і іншых марпехаў, павезлі ў Расею. Са звестак маці, Юрый прайшоў там праз некалькі СІЗА і калоній.

У студзені 2024 года пасля чарговага абмену ваеннапалоннымі адзін з вызваленых хлопцаў расказаў Мілане Кампаніец, што ейны сын знаходзіцца ў калоніі ў Рэспубліцы Мардовія.

- І цяпер я не ведаю, хацела б я гэта ведаць ці не, - успамінала тую размову жанчына.

Мілане распавялі, што пасля збіцця і катаванняў «на прыёме ў Доктара Зло» (так ваеннапалонныя паміж сабой называлі асабліва жорсткага ахоўніка калоніі) Юрый перастаў размаўляць. А праз неаднаразовае выкарыстанне электрашокера ў хлопца адняліся ногі.

Жанчына мяркуе, што злосць і незадаволенасць ахоўнікаў Юры мог выклікаць сваімі паводзінамі.

- Юра вельмі мяккая асоба, але з моцным характарам. Хлопцы распавялі, што яго маглі збіваць, ён падаў, яго працягвалі таптаць берцамі, але ён на гэта ніяк не рэагаваў. Напэўна, гэта і злавала ахову, - мяркуе Мілана. Яна ўпэўнена, што сын бунтаваў супраць правілаў сваім спосабам, за гэта яго і збівалі.

Юрый Гульчук быў вызвалены 14 верасня 2024 года, у той дзень ва Украіну вярнуліся 103 чалавекі, у тым ліку 69 абаронцаў Марыюпаля.

Апошнія навіны