BE RU EN

Колькі давядзецца плаціць беларускім перавознікам за рэгістрацыю паводле новых правілаў?

  • 21.09.2024, 10:23

Мінтранс зацвердзіў тарыфы.

Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі зацвердзіла рэгламенты адміністрацыйных працэдураў, звязаных з уключэннем звестак у дзяржрэестр аўтамабільных пасажырскіх перавозак, які быў запушчаны гэтым летам. Сярод іншага ўстанова вызначыла і памер дзяржмыты, якую ў хуткім часе давядзецца плаціць перавознікам за ўнясенне інфармацыі ў новы рэестр.

Тарыфы на адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з уключэннем інфармацыі ў дзяржаўны рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах вызначаны ведамаснай пастановай нумар 69 ад 16 жніўня 2024 года. У суботу, 21 верасня, тэкст пастановы выклалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Такім чынам, Мінтранс вызначыў наступныя памеры дзяржаўнай мыты за ўнясенне звестак у рэестр:

за ўнясенне звестак аб транспартным сродку – 2 базавыя велічыні (на сёння складае 80 рублёў),

за ўнясенне звестак пра кіроўцу – 1 базавая велічыня (40 рублёў),

за ўнясенне інфармацыі пра дыспетчараў аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, дыспетчараў таксі – 100 базавых велічыняў (4000 рублёў),

за змяненне звестак у рэестры аб транспартных сродках – 1 базавая велічыня (40 рублёў),

за змяненне звестак у рэестры аб кіроўцах – 0,5 базавай велічыні (20 рублёў),

за змяненне звестак у рэестры аб дыспетчарах – 1 базавая велічыня (40 рублёў).

Адзначым, што спаганяць плату за ўнясенне звестак у рэестр, згодна з прэзідэнцкім указам нумар 32 «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў», пачнуць толькі з 1 лістапада 2024 года. Да гэтай даты ўносіць звесткі ў рэестр паабяцалі бясплатна.

Акрамя памераў платы за адміністрацыйныя працэдуры, сваёй новай пастановай Мінтранс таксама зацвердзіў пералік дакументаў і звестак, неабходных для ажыццяўлення ўказаных адміністрацыйных працэдураў.

Апошнія навіны