BE RU EN

«Старыя людзі ніколі не ведалі такіх катаклізмаў»

  • 21.09.2024, 11:35

У Беларусі зацвіў бэз.

У сярэдзіне верасня ў Рагачове зацвіў бэз. Пра гэта ў TikTok расказала мясцовая жыхарка Вольга. На пацверджанне сваіх словаў яна выклала невялікае відэа.

На кадрах, якія апублікавала жанчына, сухі куст бэзу. Зялёнага лісця на ім не відаць, затое прыкметныя бэзавыя суквецці. Прычым «ажыла» не адна галінка, а некалькі.

– Цуд цудоўны хачу паказаць, – чуваць у роліку голас Вольгі. – 19 верасня 2024 года. Бэз квітнее. Вясна ці што на вуліцы? А не вясна, а восень …> Які прыгожы бэз.

За дзень ролік паглядзелі амаль 166 тысячаў разоў. У яго больш за 480 каментароў. У іх людзі расказваюць пра прыродныя анамаліі, на якія звярнулі ўвагу гэтай восенню.

– Рагачоў. Квітнее вішня і незабудкі, – напісала адна з жанчынаў.

– І ў нас вішня цвіце, – паведаміла яшчэ адна жыхарка гэтага ж райцэнтра.

– У Гародні каштаны квітнеюць, – расказаў трэці карыстальнік.

А гэтае назіранне гамяльчанкі: «У мяне другі раз за лета растуць маладыя яблычкі. У ліпені і жніўні адцвілі».

Абмяркоўвалі карыстальнікі і народныя прыметы, мяркуючы, што мог бы значыць расквітнелы ў верасні бэз. Нехта сцвярджаў, што гэта нядобры знак, нехта напісаў:

– Калі бэз зацвіў ранняй восенню, зіма прыйдзе позна, восень задоўжыцца, парадуе цёплым надвор'ем.

Не абышлі бокам і змену клімату.

– Старыя людзі ніколі не ведалі такіх катаклізмаў у прыродзе, што адбываюцца цяпер, – падзяліўся меркаваннем адзін з карыстальнікаў.

– Затое небывалы ўраджай кавуноў у Беларусі, – напісаў іншы. – Гэта кажа пра зрух да больш цёплага клімату, на ўзроўні Краснадара.

Адзначым, што надвор'е ў гэтым верасні сапраўды не шкадуе для беларусаў цёплых дзён. У суботу, 21 верасня, паводле звестак сэрвісу pogoda.by, днём у Рагачове да +24°С. Больш за тое на 20–22 верасня на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей Белгідрамет абвясціў чырвоны ўзровень небяспекі. Тут захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека (5 клас загаральнасці).

Апошнія навіны