BE RU EN

«Дзе СПА, Герасімаў?»

  • 21.09.2024, 13:21

У Z-прапагандыстаў пачалася паніка праз падбіццё за ноч двух складоў войскаў РФ.

Расейскія ультрапатрыёты вельмі балюча адрэагавалі на знішчэнне двух за ноч буйных складоў УС РФ у Цвярской вобласці і Краснадарскім краі.

Сайт «Дыялог.UA» сабраў самыя яркія рэакцыі аматараў «расейскага свету».

Сёння ноччу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі 23-і арсенал Галоўнай ракетна-артылерыйскай управы Мінабароны РФ у Цвярской вобласці і склад з боепрыпасамі ў Краснадарскім краі. Абодва аб'екты дэтануюць да гэтага часу, жыхароў найбліжэйшых населеных пунктаў тэрмінова эвакуююць.

Палаюць разам са складамі і прапагандысты. Z-ваенкар Максім Калашнікаў праз два з паловай гады вайны западозрыў, што ў Расеі праблемы з супрацьпаветранай абаронай.

«Дроны (украінцаў – рэд.) накрылі артсклад у Ціхарэцку (Краснадарскі край – рэд.). Дзе СПА, Герасімаў? Варажыны радуюцца, маўляў, тут паўночнакарэйскія боепрыпасы захоўваліся», – абураецца прапагандыст.

Z-канал ZERGULIO больш усхваляваў «воплеск» на арсенале пад Цвер'ю. Ён абураецца, што боепрыпасы там складавалі пад голым небам і ўсё гэта было выдатна відаць праз спадарожнікі. «Нам, апроч Краснадарскага краю, засадзілі па другім складзе пад Тарапцом. “Яндэкс” і “Гугл” паказваюць фота з затрымкай некалькі дзён, і на іх ізноў штабелі ракетаў і снарадаў пад адкрытым небам. У раннім СССР быў такі артыкул “шкодніцтва”. Вельмі не дарма ён быў», – напісаў ультрапатрыёт.

Вайскоўцы РФ, якія вядуць канал «ВДВ за честность и справедливость», больш абурыліся хлусні Мінабароны, што па складах прыляцелі не БПЛА, а іх аскепкі. «Можа, хопіць хлусіць?!» – пішуць абураныя акупанты.

З рэзкай заявай выступіў расейскі вайсковец Ягор Гузенка, які вядзе Telegram-канал «Трынаццаты».

Ён абураецца, што ўлады РФ не здольныя адказаць Украіне на такія балючыя ўдары. «Уначы (украінцы – рэд.) падбілі склады з БК у Ціхарэцкім раёне. І мне чамусьці думаецца, што робяць яны гэта з дапамогай новых ракетаў... Арсенал у Цвярской вобласці і іншыя адчувальныя прылёты за апошні час гавораць пра гэта. Вось толькі ў целіку будуць (хлусіць – рэд.) пра “чырвоныя лініі”, пагражаць усім кулаком і гаварыць, што калі яны ўжывуць гэтыя ракеты, то, маўляў, цярпенне скончыцца, і тады... А на справе (украінцы – рэд. ) спакойна падбіваюць нашы склады, вайсковыя часці і НПЗ. І да гэтага часу не адбылося ніводнага выразнага адказу на ўсе іх удары па нашых тылах», – паскардзіўся акупант.

Выказаўся і Z-ваенкар Раман Алёхін. Ён таксама абураецца праз замоўчванне вайскоўцамі рэальнай сітуацыі, а таксама прыйшоў да высновы, што расейскае ваеннае камандаванне ненавучальнае.

«Калі “аскепкі БПЛА ворага” будуць падаць і знішчаць 2-3 склады на тыдзень, то калі “выбухованебяспечных прадметаў” стане настолькі мала, што іх ужо не будзе хапаць? (...) Адно з непрыемных пачуццяў, якія адчувае чалавек, гэтае пачуццё, калі цябе трымаюць за дурня… Ці чыноўнікі настолькі дурныя і думаюць, што людзі рэальна не разумеюць, што рэальна стаіць за фразай: “Праз падзенне аскепкаў аднаго з іх узнік пажар, які перайшоў на выбухованебяспечныя прадметы?”» – напісаў прапагандыст.

Апошнія навіны