Суд не стаў арыштоўваць сузаснавальніка Wildberries Бакальчука праз стральбу каля Крамля
- 21.09.2024, 14:10
Следчыя не знайшлі «складу злачынства».
Суд не стаў арыштоўваць сузаснавальніка маркетплэйсу Wildberries Уладзіслава Бакальчука ў рамках расследавання паводле справы аб стральбе ў цэнтры Масквы. Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на самога Бакальчука і ягоных адвакатаў.
Раней з'явілася інфармацыя пра арышт бізнэсмэна, аднак сам ён заявіў выданню, што ў цяперашні момант знаходзіцца дома. Словы Бакальчука «Коммераснту» пацвердзілі і ягоныя адвакаты, растлумачыўшы, што следчыя не знайшлі складу злачынства ў дзеяннях прадпрымальніка. Прычыны гэтага прадстаўнікі сузаснавальніка Wildberries рэкамендавалі ўдакладняць у Следчым камітэце, аднак «Коммерсант» не здолеў аператыўна атрымаць каментары ў СКР.
Пры гэтым іншыя крыніцы выдання ў праваахоўных органах мяркуюць, што «пытанне Бакальчука яшчэ да канца не закрытае», адзначаючы: аператыўна-следчыя мерапрыемствы ў дачыненні да яго прадаўжаюцца.
Напярэдадні ГСУ СКР Масквы прад'явіла Бакальчуку абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 105 (забойства), ч. 3 арт. 30, ч. 1 арт. 105 КК РФ (замах на забойства), арт. 317 (замах на супрацоўніка праваахоўных органаў) і арт. 330 (самаўпраўства). Паводле артыкулаў яму пагражала турэмнае зняволенне ажно да пажыццёвага. Усяго паводле справы аб стральбе ў офісе Wildberries у цяперашні момант арыштаваны 30 чалавек.
Стральба ў цэнтры Масквы адбылася 18 верасня, калі група з 20–30 чалавек атакавала офіс Wildberries, які знаходзіцца за 900 метраў ад Крамля, у бізнэс-цэнтры «Раманаў Двор». Нападнікі разбілі шкло, пасля чаго пачалася перастрэлка. У выніку інцыдэнту загінулі два чалавекі – ахоўнік і супрацоўнік бізнэс-цэнтра, а яшчэ 10 чалавек атрымалі раненні. Сярод пацярпелых трое байцоў ММА з Чачні: Абубакар Мястоеў, Рашыд Кодзеў і Умар Чычаеў. На фатаграфіях у сацыяльных сетках Чычаеў зняты ў форме САХР Расгвардыі побач з Рамзанам Кадыравым і іншымі ўплывовымі чачэнскімі чыноўнікамі.
На месца здарэння разам з нападнікамі прыбыў і Уладзіслаў Бакальчук, муж заснавальніцы Wildberries Таццяны Бакальчук. Раней ён назваў аб'яднанне Wildberries з рэкламным аператарам Russ Outdoor «рэйдарскім захопам» і звярнуўся па падтрымку да Рамзана Кадырава. Паводле ягоных словаў, ён прыбыў на перамовы наконт спынення будаўніцтва складоў, але канфлікт узнік, калі яго не пусцілі ў офіс.
Таццяна Бакальчук аспрэчыла версію мужа, заявіўшы, што ён спрабаваў арганізаваць рэйдарскі захоп. Таксама яна зазначыла, што ніякія перамовы ў той дзень не планаваліся.