Лукашэнка ў чаканні цягніка «Менск – Гаага»
- 21.09.2024, 18:01
Дыктатар занепакоіўся ўсур'ёз.
Так, недарэчы наляцеў у Менск кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін. Лукашэнку давялося 19 верасня прыняць сумнеўнага госця, пры гэтым робячы рэверансы перад Кіевам: маўляў, вы нічога такога не падумайце, піша на «Позірку» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Сустрэча з кіраўніком адцяпанай ва ўкраінцаў тэрыторыі падкрэслівае залежнасць ад Крамля, васальны, як мяркуюць многія, статус кіраўніка Беларусі.
У выступе 17 верасня з нагоды «дня народнага адзінства» Лукашэнка паскардзіўся, што «збеглыя» з дапамогай Літвы хочуць ініцыяваць у Міжнародным крымінальным судзе (МУС) у Гаазе «разгляд беларускага пытання».
«Мэта – змусіць мяне да адказнасці і выключыць яго з позвы. Як яны пішуць, каб я, калі пачнуцца мірныя перамовы ва Украіне, не змог удзельнічаць у гэтых перамовах», – растлумачыў Лукашэнка.
На сустрэчы з кіраўніком самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзянісам Пушыліным Лукашэнка таксама быў вымушаны закрануць гэтую непрыемную тэму:
«Мы вашых дзетак заўсёды прымаем сюды на лячэнне, адпачынак. Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы крадзем, высвятляецца, вашых дзяцей».
Дыктатар прызнаўся: «Тут у нас розныя намёкі і іншае, нават з Захаду, што вы вось будзеце супрацоўнічаць [з "ДНР"], пакрыўдзіце Украіну».