Сёння Віктару Івашкевічу споўнілася б 65 гадоў
- 21.09.2024, 15:22
Герой беларускага супраціву нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску.
Грамадскі і палітычны дзеяч Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску.
У 1991 годзе Віктар Івашкевіч скончыў завочна факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У пачатку 80-х ён быў актыўным удзельнікам моладзевых нефармальных аб'яднанняў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку – «Майстроўня» і «Талака», адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый і мерапрыемстваў, у тым ліку маршу пратэсту па Заходняй Дзвіне-Даўгаве супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, экалагічнага маршу па Прыпяці – адной з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту, страйку кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Менску; ініцыятарам стварэння страйкамаў на менскіх прадпрыемствах.
З моманту ўзнікнення камітэта стварэння Беларускага Народнага Фронту ў 1988 годзе быў ягоным актывістам. Віктар Івашкевіч заставаўся сакратаром Управы БНФ да 1996 года. Палітык выступаў у якасці арганізатара найбуйнейшых масавых акцый пратэсту.
У 1997 годзе Віктар Івашкевіч увайшоў у аргкамітэт стварэння грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’ 97».
З 1997 года Віктар Івашкевіч быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочы», з 1999 года – віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафзвязаў. У 2002 годзе палітык быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», які прысвячаўся Лукашэнку.
Віктар Івашкевіч быў адным са стваральнікаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і актыўна ўдзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, з'яўляючыся чальцом каманды і даверанай асобай Андрэя Саннікава.
Віктар Івашкевіч неаднаразова зведваў адміністрацыйныя пакаранні, двойчы трымаў галадоўку.
Віктар Івашкевіч раптоўна памёр 3 кастрычніка 2013 года ў адной з лякарняў Менска. Палітык стаяў у чарзе на перасадку печані, аднак донара не знайшлі.
У гонар Віктара Івашкевіча сайт Charter97.org заснаваў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека.