BE RU EN

Белы дом: Байдэн даручыў «зрушыць неба і зямлю» для дапамогі Украіне

  • 21.09.2024, 21:39

Прэзідэнт ЗША заявіў, што падтрымка ўкраінскага народа - яго «топ-прыярытэт».

Белы дом пакуль не знаёмы са зместам «плана перамогі» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, аднак дзеючы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн даручыў «зрушыць неба і зямлю» для дапамогі Кіеву. Пра гэта ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» распавёў дырэктар у пытаннях Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Майкл Карпентэр.

З ягоных слоў, у Белым доме з нецярпеннем чакаюць прэзентацыі плана, і хочуць узгадніць стратэгічныя цэлі з Кіевам на апошнія чатыры месяцы працы адміністрацыі Байдэна.

Са слоў чыноўніка, Украіна - гэта топ-прыярытэт для Джо Байдэна, які хоча бачыць перамогу Украіны часткай сваёй палітычнай спадчыны.

«Мы - у пастаяннай камунікацыі з нашымі ўкраінскімі партнёрамі па ўсіх пытаннях. Аднак у гэтым канкрэтным выпадку, я так разумею, прэзідэнт Зяленскі хацеў прыехаць сюды і паінфармаваць пра гэты план прэзідэнта Байдэна асабіста. Так што не, мы не азнаёмленыя з планам, але прэзідэнты будуць мець магчымасць неўзабаве правесці гэтую размову, а таксама ўзгадніць свае стратэгічныя цэлі да канца працы гэтай адміністрацыі, што будзе вельмі важна», - сказаў Карпентэр.

Ён падкрэсліў, што Байдэн абсалютна рашуча настроены падтрымаць Украіну і паставіць яе ў наймацнейшую пазіцыю ў канцы свайго тэрміну знаходжання на пасадзе.

«І ён даручыў усім нам, хто працуе на яго, зрушыць неба і зямлю, каб пераканацца, што мы даем усю, асабліва вайсковую дапамогу, але таксама дапамогу ў энэргетычнай бяспецы, дапамогу, якая была часткай законапраекта аб дадатковым фінансаванні, які ўхвалілі ў красавіку - каб вылучыць усё гэта як мага хутчэй. Гэта ягоныя ўказанні нам, і мы іх выконваем», - падкрэсліў прадстаўнік Белага дома.

Апошнія навіны