BE RU EN

У ГУВ раскрылі шакавальныя падрабязнасці існавання расейцаў на заводзе ў Ваўчанску

  • 27.09.2024, 15:47

Заблакаваныя акупанты елі сабак і не толькі.

Камандзіры заблакаваных на Ваўчанскім агрэгатным заводзе расейскіх акупантаў трымалі дысцыпліну татальным страхам, гвалтам і забойствамі.

Пра гэта выданню LIGA.net распавёў камандзір падраздзялення Стугна ў складзе Спецпадраздзялення Цімура Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны з пазыўным Лінукс.

Са слоў выведчыка, за чатыры месяцы блакады расейцы неаднаразова спрабавалі прарвацца на тэрыторыю завода, але большасць з тых, хто спрабаваў гэта зрабіць, былі знішчаныя.

Увесь гэты час расейскае камандаванне акупантаў трымала іх на прадпрыемстве, абяцаючы ратацыю, прарыў блакады і падтрымку. Сярод акупантаў нярэдкімі былі выпадкі дэзерцірства, але яны не мелі поспеху. Ежу, ваду і БК расейцы атрымлівалі з дапамогай дронаў, таму голад і смага былі татальнымі.

Расейцы, якія трапілі ў палон падчас вызвалення завода ў Ваўчанску, расказалі, што іх камандзіры трымалі дысцыпліну страхам, забойствамі, гвалтам. Так, за два дні да поўнага вызвалення завода, расейскія камандзіры застрэлілі сваіх двух чалавек, бо разважылі, што тыя «глынулі з бутэлькі больш вады, чым ім было дазволена».

«Некалькі параненых расейцаў застрэліліся, таму што доўгі час не атрымлівалі медыцынскай дапамогі і іх стан пагаршаўся. Голад на заводзе дасягнуў такога ўзроўню, што расейцы забілі і з'елі некалькі сабак, якія блукалі вакол», - распавёў выведчык.

Таксама палонныя расказалі пра ідэю з'есці печань забітых саслужыўцаў.

«Ёсць падазрэнне, што так яны і зрабілі, паколькі на целах памерлых расейцаў, якія мы ўбачылі, былі заўважаныя адрэзаныя кавалкі мяса і розных органаў", – паведаміў камандзір падраздзялення Стугна.

Са слоў выведчыка, самай вялікай праблемай для поўнай зачысткі завода сталі скляпы бункераў, дзе вораг мог трымаць абарону, а аперацыя па вызваленні стала паспяховай дзякуючы таму, што супраціўнік не змог выявіць назапашванне і падыход асноўных сіл.

На момант захопу расейцамі завода іх там заставалася блізу 80 чалавек. Большасць з іх была ліквідаваная. Аднак на фінальнай стадыі ўкраінскім абаронцам удалося ўзяць у палон блізу двух дзясяткаў акупантаў.

Апошнія навіны