У Мазыры загарэўся аўтобус МАЗ
- 28.09.2024, 19:47
Гэтыя аўтобусы гараць падазрона часта.
Стала вядома аб чарговым непрыемным інцыдэнце з аўтобусам вытворчасці Менскага аўтамабільнага завода. Гэтым разам транспарт самаўзгараўся ў Гомельскай вобласці, піша «Флагшток».
«Гэта адбылося ўчора ўвечары ў Мазыры: загарэўся МАЗ-103, выпушчаны да 2008 года, - паведамляе "Флагшток". — Раней гэты аўтобус працаваў у Менску, пасля спісання яго перадалі ў Гомельскую вобласць для падтрымкі аўтапарка № 2».
У мясцовым пабліку, які апублікаваў фатаграфію аўтобуса, пазначана, што здарэнне адбылося ў пасёлку Сасновы побач з Мазыром. Інфармацыі аб пацярпелых няма.
Аўтобусы МАЗ гараць падазрона часта. Напрыклад, у 2022 годзе ў адным толькі Санкт-Пецярбургу згарэлі як мінімум шэсць аўтобусаў беларускай вытворчасці. Найбольш імавернай прычынай інцыдэнтаў з беларускай тэхнікай папярэдне назвалі негерметычнасць сістэмы гідрапрывада вентылятара.