BE RU EN

У Менску адбылося дзіўнае злачынства

  • 30.09.2024, 14:07

Як у анекдоце.

Жыхар Менска забраў узнагароду за нявыкананую працу ў няправільнага заказчыка і частку грошай прапіў. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб крадзяжы і трапіў пад суд, распавялі «Минск-Новости».

Аднойчы раніцай мянчук, які працуе прыбіральшчыкам у камунальнай арганізацыі, пакутаваў ад пахмелля. Былая жонка папрасіла яго схадзіць да знаёмай з інваліднасцю - у той напярэдадні памёр сабака, і трэба было за грошы вынесці цела жывёлы. Мужчына пагадзіўся.

Ён патэлефанаваў у кватэру дома на вуліцы Кісялёва, дзверы адчыніў хлопчык і спытаў: «Вы за грашыма?» Мужчына кіўнуў, і дзіця працягнула незнаёмцу канверт. Жыхар сталіцы пацікавіўся, дзе сабака, але хлопчык няўцямна паглядзеў на яго, і візіцёр пайшоў.

У канверце ляжалі 700 даляраў, 200 з якіх мянчук адразу абмяняў і купіў выпіўку. Калі ён вярнуўся дадому, экс-жонка спытала, чаму той праігнараваў ейную просьбу. Так мужчына здагадаўся, што пераблытаў адрасы.

Высветлілася, бацька даручыў 11-гадоваму сыну перадаць канверт з грашыма будаўніку, які рабіў рамонт у іх на лецішчы. Зразумеўшы, што дзіця ўручыла гатоўку не таму чалавеку, ён неадкладна звярнуўся ў міліцыю.

Прыбіральшчыка, які забраў грошы, знайшлі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну ён прызнаў, у зробленым раскаяўся, перад пацярпелым выбачыўся і цалкам кампенсаваў шкоду. Раней ён ужо быў двойчы судзімы. Так што суд прызнаў фігуранта вінаватым у крадзяжы, учыненым паўторна, і на падставе ч. 2 арт. 205 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту. Акрамя таго, ён мусіць прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Апошнія навіны