Балгарыя можа страціць мільярды еўраў ад ЕЗ
- 30.09.2024, 17:26
Праз хаос у парламенце.
Гучныя скандалы і агрэсіўныя паводзіны радыкальных прарасейскіх і папулісцкіх партый перашкодзілі парламенту Балгарыі сабраць большасць, неабходную для прыняцця ключавых законаў, ад якіх залежаць мільярды еўраў выплат у рамках Плана аднаўлення і ўстойлівасці ад ЕЗ.
Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Euractiv, паведамляе «Еўрапейская праўда».
У мінулы чацвер балгарскі парламент спрабаваў правесці сваё апошняе запланаванае пасяджэнне перад датэрміновымі выбарамі, на якім ён павінен быў прыняць доўгачаканыя змены ў Дарожную карту кліматычнай нейтральнасці, прапанаваныя Еўрапейскай камісіяй.
Аднак гэтага не адбылося, бо дэпутаты ад прарасейскай радыкальнай партыі «Адраджэнне» і папулісцкай партыі «Ёсць такі народ» сілай занялі трыбуну, а некаторыя з іх вырвалі кабелі гукавой сістэмы ў зале пасяджэнняў.
«Гэта была апошняя магчымасць выратаваць больш за два мільярды леваў, прадугледжаных Планам аднаўлення (1 мільярд еўраў)», – заявіў пасля інцыдэнту Дэлян Добры, дэпутат ад найбуйнейшай балгарскай партыі ГЕРБ.
Балгарыя - адзіная краіна ЕЗ, якая атрымала толькі адзіную выплату згодна з Планам аднаўлення - 1,7 млрд еўраў з 5,7 млрд еўраў, якія трэба выплаціць краіне.
Грошы былі заблакаваныя праз тое, што парламент цягам двух гадоў адмаўляўся прыняць новую Дарожную карту кліматычнай нейтральнасці і графік паступовай адмовы ад вугальных электрастанцый да 2038 года і ўкаранення магутнасцей аднаўляльнай энэргетыкі ў вугальных рэгіёнах.
«Праз непрыняцце дарожнай карты кліматычнай нейтральнасці было страчана 266 мільёнаў еўраў - 30% другой выплаты згодна з Планам аднаўлення», - заявіла часовая выканаўца абавязкаў міністра фінансаў краіны Людміла Петкава.
План REPowerEU мае на мэце скараціць чыстыя выкіды парніковых газаў мінімум на 55% да 2030 года і дасягнуць кліматычнай нейтральнасці ЕЗ да 2050 года.
Калі Балгарыя не хоча страціць грошы на «зялёны» пераход, парламент можа сабрацца на пазачарговую сесію, каб прагаласаваць за папраўкі і адправіць іх у Еўрапейскую камісію для прыняцця не пазней за 15-20 кастрычніка, адзначае партал.
Без плана кліматычнай нейтральнасці Балгарыя будзе заставацца залежнай ад вугляродных крыніц энэргіі, што павялічыць кошт выкідаў і абцяжарыць мясцовыя прадпрыемствы і хатнія гаспадаркі даражэйшай энэргіяй.
Між тым невыкананне дырэктыў ЕЗ для скарачэння выкідаў вугляроду і дасягнення кліматычнай нейтральнасці можа прывесці да фінансавых санкцый.
ЕЗ уводзіць строгі кантроль за рэалізацыяй «зялёнай» палітыкі, і Балгарыя можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі прававымі наступствамі, уключаючы судовы пазоў у Суд ЕЗ.
Нагадаем, найбуйнейшая прарасейская партыя Балгарыі «Адраджэнне» заклікала краіну выйсці з Еўрапейскага Звязу і стаць чальцом БРІКС, дзе Расея мае вядучы ўплыў.
Палітычны крызіс у Балгарыі працягваецца з 2021 года, з таго часу ў краіне адбыліся ўжо шэсць датэрміновых парламенцкіх выбараў. Апошнія, у чэрвені 2024 года, не змаглі прывесці да фармавання сталага ўрада.