BE RU EN

Жыхар Полацка замест рыбы злавіў вялікую чарапаху

  • 30.09.2024, 20:59

На Заходняй Дзвіне госця з Амерыкі злоўленая ўпершыню.

Пра незвычайную рыбалку піша спецыялізаваны партал Fishingby.

У нядзелю, 29 верасня, жыхар Полацка Аляксандр Шчарбакоў паехаў на Заходнюю Дзвіну лавіць ляшча, гаворыцца ў паведамленні.

А замест рыбы на фідар клюнула зусім іншая істота – даволі буйная чарапаха.

«Заходняя Дзвіна. Такога я яшчэ не лавіў. Узяла на фідар, на два апарыкі. Няслаба здзівіўся, калі выцягнуў гэты цуд на бераг», – расказаў Аляксандр.

«Улоў» рыбака – чырванавухая чарапаха, чый натуральны арэал пасялення – поўдзень ЗША і Мексіка.

Адзначаецца, што цягам летняга сезону 2024 года чырванавухіх чарапах не раз вылоўлівалі ў Берасцейскай і Менскай абласцях. А вось на Заходняй Дзвіне госця з Амерыкі злоўленая ўпершыню.

Апошнія навіны