«Адчуванне як у псіхадэлічным фільме»
- 6.09.2024, 12:07
Беларус расказаў аб трансплантацыі валасоў у Турцыі.
Многія людзі гатовыя аддаць тысячы даляраў, каб адгадаваць новыя валасы на галаве, а Турцыя зарабляе мільёны на паслузе па трансплантацыі. «Мінская праўда» даведалася, колькі каштуе такая аперацыя, у якіх клініках яе можна зрабіць, а таксама паразмаўляла з беларусам аб працэсе рэабілітацыі.
У Турцыі прапануюць не толькі аперацыю, а цэлы комплекс паслуг даступнымі коштамі. Пацыентаў сустракаюць у аэрапорце, размяшчаюць у зарэзерваваных гатэлях і арганізуюць трансфер на наступны дзень да лякарні. Параўноўваючы з той жа Амерыкай і Еўропай, дзе толькі за сам працэс трансплантацыі можна заплаціць 25 000 даляраў, у Турцыі агулам кошты ад 1500 да 3000 даляраў.
Што ўплывае на кошт?
Кошт залежыць ад некалькіх фактараў: метаду перасадкі (FUE, DHI, FUT), колькасці перасаджаных валасоў, досведу і кваліфікацыі лекара, месцазнаходжання клінікі, дадатковых паслуг і тыпу анэстэзіі.
Галоўным чынам ужываюць два спосабы: лапікавы FUT і без швоў FUE.
Пры першым у пацыента выдаляюць лапік скуры, звычайна з патыліцы, дзе расце дастатковая колькасць фалікулаў, і перасаджваюць іх на новае месца. Пасля застаецца шнар у донарскай зоне і даўжэй адбываецца працэс рэабілітацыі.
Другі ж не патрабуе аперацыі: фалікулы адбіраюць з донарскай зоны з дапамогай спецыяльнай прылады, і арганізм аднаўляецца хутчэй. Пры тым, што бясшвоўны метад каштуе даражэй, цяпер яго праводзяць нават часцей, чым FUT.
Агулам, чым больш графтаў (графт - элемент валасяной тканіны галавы з фалікуламі валасоў), тым даражэйшая аперацыя. Напрыклад, калі валасы перасаджваць не на галаве, а на барадзе ці бровах, кошт будзе меншым.
Вядома, ёсць імавернасць, што трансплантацыя можа прайсці няўдала і валасы будуць расці дрэнна ці нераўнамерна. Аднак часта гэта адбываецца праз няправільны пасляаперацыйны догляд.
Як абраць клініку?
Важна звяртаць увагу на наяўнасць сертыфікатаў якасці: патрэбныя акрэдытацыі ад арганізацый JCI і ISO.
- Калі я зразумеў, што хачу зрабіць перасадку, адразу пачаў шукаць у інтэрнэце найлепшыя варыянты. Пытаўся і ў знаёмых. Адна з супрацоўніц у маёй кампаніі апынулася замужам за туркам, яна і парэкамендавала мне клініку, якая належыць сям'і яе мужа. Доўга не думаючы, я пагадзіўся на прапанову, бо на той момант мяне ўжо не задавальняў эстэтычны стан маіх валасоў, - падзяліўся мянчук Дзмітрый Назараў.
Проста ў аэрапорце Стамбула менчука чакаў трансфер, які прывёз у атэль. Усе паслугі ўваходзілі ў кошт. Падрыхтоўка да аперацыі ў Дзмітрыя праходзіла хутка. З раніцы ўзялі аналіз крыві, затым пагалілі нагала і адправілі на саму працэдуру.
- Увесь працэс трансплантацыі заняў 9 гадзін, працавалі двое лекараў, на фоне іграла турэцкая музыка, адчуванне было як у псіхадэлічным фільме. Гэта балюча, але для палягчэння выкарыстоўвалі абязбольвальныя прэпараты. Пасля самой аперацыі стала яшчэ горш: першыя дні спаць было немагчыма, толькі ў адмысловым капелюшы для сну. Натуральна, з сабой мне выдалі спецыяльныя мазі, пенкі для догляду, першы раз дазволілі падстрыгчыся праз два месяцы і толькі нажніцамі. А хадзіць у цырульню, каб ствараць розныя прычоскі, - толькі праз чатыры. У канчатковым рахунку, усё гэта каштавала таго. Пагатоў, што ўдалося не толькі злётаць па прызначэнні, але яшчэ і паглядзець горад. Досвед вельмі цікавы: было падобна на адпачынак з раптоўнай прыгодай, - распавёў мужчына.
За перасадку 3 тысяч графтаў Дзмітрый заплаціў 1800 еўраў. У гэтую суму ўвайшлі кошт аперацыі, дзве ночы ў гатэлі, медыкаменты і трансфер ад аэрапорта і назад. Квіткі ў Турцыю і назад ён набываў асобна.