Генерал ЗША Бэн Ходжэс: Пуціна зрынуць
- 8.09.2024, 13:27
Трэба толькі працягваць ціск на Расею.
Алігархі з найбліжэйшага атачэння расейскага дыктатара Пуціна могуць апалчыцца на яго і пазбавіць яго ўлады, калі ён адмовіцца спыніць вайну ва Украіне. Як заявіў The Sun былы камандуючы войскам ЗША генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс, калі ў расейскіх алігархаў скончацца грошы, знікне і іх лаяльнасць да Пуціна.
У пачатку ўварвання Расеі ва Украіну Захад увёў жорсткія санкцыі супраць многіх расейскіх алігархаў. Ім забаранілі выязджаць за мяжу, а іх актывы замарозілі, што прывяло да зрыву шматлікіх іх міжнародных бізнэс-угодаў, у выніку чаго яны засталіся без сродкаў да існавання. Ходжэс мяркуе, што гэтыя санкцыі, якія дзейнічаюць і дагэтуль, могуць стаць вызначальным фактарам для падзення Пуціна, бо алігархі вельмі незадаволеныя такімі абмежаваннямі.
«У нейкі момант алігархі, блізкае кола, павінны стаміцца ад усіх абмежаванняў, накладзеных на іх, у тым ліку на іх багацце. У нейкі момант яны скажуць: «Я не магу паехаць да палюбоўніцы на Адрыятыку. Я больш не магу адпраўляць сваіх дзяцей у школу ў Лондане ці Стэнфардзе. І тады, я думаю, патэнцыйна нешта адбудзецца», - мяркуе ён.
Ходжэс думае, што трэба працягваць ціск на Расею і яе алігархаў.
«Мы павінны ізаляваць Расею дыпламатычна, эканамічна, палітычна і ў вайсковых дачыненнях ад астатняга свету. Паражэнне Расеі павінна быць нашай стратэгічнай мэтай, а гэта значыць, што мы зробім усё неабходнае для яе дасягнення», - кажа ён.
Яшчэ адзін спосаб зрынуць Пуціна, на думку Ходжэса, - гэта настроіць супраць яго ўласных грамадзян.
У сакавіку Пуцін набраў 87% галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Але калі давер да шматгадовага лідара пачне слабець, то перамены могуць адбыцца вельмі хутка.
«Расейскі народ павінен сам вызначыць, калі з яго хопіць. У Расеі вы не ўбачыце такіх пратэстаў на вуліцах, як у Менску ці нават у сталіцы Ірана Тэгеране. І я думаю, што ў нейкі момант гэта зменіцца. Я не ведаю, калі яны канчаткова зламаюцца», - адзначыў ён.