СМІ: На акцыю пратэсту ў Тэль-Авіве выйшла паўмільёна чалавек
- 8.09.2024, 15:16
Яны патрабуюць ад урада дабіцца вызвалення закладнікаў, захопленых ХАМАС.
Арганізатары пратэстнага мітынгу, які прайшоў у Тэль-Авіве ў суботу, 7 верасня, з патрабаваннем да ўладаў Ізраіля дамагчыся вызвалення ўтрыманых у сектары Газа ізраільцян, ацанілі колькасць удзельнікаў на 500 тысяч чалавек. Гэтая лічба робіць акцыю самай шматлікай з моманту эскалацыі канфлікту ў рэгіёне, адзначае выданне The Times of Israel, піша «Нямецкая хваля».
Як і на іншых такіх дэманстрацыях, пратэстоўцы патрабавалі ад уладаў ужыць захады для вызвалення закладнікаў, захопленых тэрарыстычнай групоўкай ХАМАС падчас атакі на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.
На акцыі выступалі з прамовамі і сваякі закладнікаў, маці аднаго з іх заявіла, што прэм'ер-міністру краіны Біньяміну Нэтаньяху больш на руку смерць захопленых ХАМАС ізраільцян, чым іх вызваленне.
Паведамляецца аб як мінімум адной канфліктнай сітуацыі, якая ўзнікла паміж пратэстоўцамі і групай маладзёнаў з правымі поглядамі, якая назірала за шэсцем. Удзельнікі мітынгу паведамілі аб гэтай групе паліцыянтам. Акрамя таго, СМІ пішуць пра затрыманне як мінімум пяці ўдзельнікаў пратэстнай акцыі, сярод якіх адзін непаўналетні.
Аналагічныя мітынгі прайшлі 7 верасня і ў шэрагу іншых гарадоў Ізраіля, колькасць іх удзельнікаў арганізатары ацэньваюць на дзясяткі тысяч чалавек.