«У расейцаў у Курскай вобласці засталіся два варыянты»
- 9.09.2024, 11:58
УСУ не пакідаюць акупантам шанцаў.
Апошні мост праз раку Сейм у Курскай вобласці разбураны авіябомбамі, паведамляе Telegram-канал «БУТУСАЎ ПЛЮС» са спасылкай на аэравыведку падраздзялення Khorne Group 116-й асобнай механізаванай брыгады.
Пра што гэта сведчыць, у эфіры Radio NV распавёў заснавальнік БА «Рэактыўная пошта», ваенны эксперт Павел Нарожны:
«Наша авіяцыя і артылерыя там працуе вельмі шчыльна. Сакрэту ніякага няма, ёсць шмат паведамленняў у сацыяльных сетках, усе жыхары Сумаў пішуць пра самалёты, якія ўвесь час прасоўваюцца ў бок Куршчыны і вяртаюцца назад. У гэтай [расейскай] групоўкі шанцаў няма».
Таму ў прадстаўнікоў войска РФ, якія засталіся ў Курскай вобласці на гэтым баку ракі Сейм, на думку эксперта, ёсць два варыянты:
«Або пераплываць раку, што тэхнічна магчыма. Сейм - гэта невялікая рака, гэта не Дняпро, цяпер сезон, які дазваляе гэта зрабіць. Або здавацца ў палон».
Таксама Нарожны дадаў яшчэ адну выснову, якую можна пасля гэтага зрабіць:
«Гэтая сітуацыя цалкам закрывае фланг. А гэта азначае тое, што нашая групоўка, якая ў Курскай вобласці знаходзіцца, плануе трымацца там доўга».
УСУ працягваюць атакаваць войска РФ у Курскай вобласці на некалькіх кірунках, паведамляе ISW.